Зямля яшчэ не спіць. Механізатары таксама. Гаспадаркі Ляхавіччыны свае планы па зяблевай апрацоўцы палёў выканалі

Механізатар ААТ «Жарабковічы» Сяргей Бурак.

Лістапад вызваліў сельскагаспадарчыя палеткі ад ураджайных здабыткаў. Палі апусцелі, пераважная большасць з іх «прарасла» ўжо азімымі агракультурамі. Нямала і свежага ворыва, якое сёння з’яўляецца адным з асноўных палявых клопатаў аграрыяў

Узнятая плугам зямля, канешне ж, значна саступае плошчам з азімымі пасевамі ў плане яркага пазітыву. Аднак знаходзіцца на дастаткова блізкай адлегласці, што тычыцца ключавых этапаў асенняй апрацоўкі глебы. І гэта бадай адзіны від работ, які ўсё яшчэ працягваецца ў полі. Згодна з аператыўнай інфармацыяй упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, гаспадаркі Ляхавіччыны свае планы па зяблевай апрацоўцы палёў выканалі. Але ж чаму не ўзараць звышпланава, калі ёсць сілы і сродкі, а надвор’е не ставіць бар’ераў? «Бонусныя» сотні ўзнятых гектараў падымуцца ў кошце будучай вясной, калі выключна напружаны рытм і графік яравой кампаніі будзе магчыма крыху адпусціць, не рабіць ужо зробленае.


У гэтым і заключаецца адна з выгад зяблевай апрацоўкі сельскагаспадарчых зямельных плошчаў. Галоўнай жа мэтай гэтай тэхналогіі з’яўляецца падрыхтоўка глебы да зімы, паляпшэнне яе структуры, знішчэнне шкоднікаў культурных раслін і пустазелля шляхам яго глыбокага заворвання.
У планах ляхавіцкіх аграрыяў значылася ўзараць з восені каля 11 тысяч гектараў палявых плошчаў. З іх адно толькі ў ААТ «Жарабковічы» каля трох тысяч. Былі дні, калі тут на работах па асеннім уздыме палявых плошчаў было задзейнічана да шасці адзінак ворыўнай тэхнікі. Большасць фарміра-валі магутныя трактары тыпу «Кіравец» у тандэме са шматкорпуснымі плугамі. Меншыя «Беларусы» – 1221 і 1523 – часцей выкарыстоўваліся на палях меншай контурнасці.

Адзін з такіх «Беларусаў-1523» у тандэме з пяцёркай абаротных плугоў карэспандэнты «ЛВ» заспелі за работай, калі ў нядаўні дзень адправіліся на «зябліва». Поле, дзе мінулым сезонам вырошчвалася пшаніца, утрымлівала невялічкі прамавугольнага профілю «прыдатак». Магчыма, участак-дадатак пасля зносу пустуючага дома ці колішняга прыватнага агарода. Перыметр – прыкладна па паўсотні ў абодвух напрамках, так што механізатару Сяргею Бураку даводзілася круціцца ў літаральным сэнсе слова. Зрэшты, са сваёй задачай механізатар справіўся хутка. Узнятая плугам тлустая падлеская зямля выглядала дорага-багата.


– Сёння выехаў прыкладна ў восем гадзін раніцы. Завяршыць працоўны дзень збіраюся каля 18, ужо ў прыцемках. Тыднямі раней рабочы графік быў іншы, здаралася, вяртацца на базу даводзілася пры святле трактарных фар. Трактарам, дарэчы сказаць, задаволены. Машына фактычна новая, адпрацавала дзесьці каля года, у кабіне для механізатара ёсць усё. Быў дзень, калі выйшла ўзараць і паўтара дзясятка гектараў. Але звычайна атрымліваецца 11, 12, 13 гек-
тараў. Ад іх заработная плата, памер якой, дарэчы, упаўне задавальняе, – Сяргей завяршае дыялог і спрытна займае месца за штурвалам ярка-чырвонага трактара.
На працягу бягучага сезона Сяргей Бурак быў заняты на ўнясенні мінеральных удабрэнняў, працаваў на прасаванні саломы. А яшчэ, як прызнаўся, меў справу з машынай, якая закладвае ў поліэтыленавыя рукавы жамерыны цукровых буракоў. Гэты пабочны прадукт перапрацоўкі цукровага караняплода гаспадарка атрымлівае на перапрацоўчым заводзе. Часткова ён, што называецца, з колаў трапляе на корм жывёле. Большая частка закладваецца пра запас.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.