Первоцветы приходят вместе с весной

Яны прыходзяць разам з вясной. Звычайна ў другой палове сакавіка ці, як сёлетняе выключэнне з правілаў, у красавіку. Такой парой у нашых лясах пачынаюць з’яўляцца далікатныя яркія агеньчыкі. Белыя, жоўтыя, ружовыя, блакітныя. Гэта і ёсць так званыя першацветы — доўгачаканыя, а таму асабліва радасныя першыя кветкі. Яны сапраўдны цуд прыроды, натуральныя прыстасаванцы да выжывання ў яе жорсткіх умовах. Да першацветаў адносяць групу эфемерных раслін, што з’яўляюцца ў лясах да таго, як дрэвы паспеюць «выкінуць» лісце. За такі кароткі адрэзак часу ім неабходна вырасці, зацвісці і завяць пад промнямі сціплага веснавога сонейка. Больш позняй магчымасці «злавіць» сонца ў дастатковай для вегетацыі колькасці ў першацветаў ужо не з’явіцца. Густая лісцевая заслона не дазволіць. Прыстасаваліся: спяшаюцца і жывуць зусім нядоўга. Адсюль і эфемернасць, што азначае мімалётнасць, недаўгавечнасць.
У Беларусі, а ў значнай ступені і ў лясах Ляхавіччыны, растуць многія з першацветаў. У тым ліку і тыя з іх, што ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі. «Чырванакніжнікамі» з’яўляюцца сон лугавы, кураслеп лясны, першацвет высокі, пярэсна еўрапейская, раўнаплоднік васі-ліснікавы, фіялка багнавая. Акрамя таго,адносна нядаўна гэты спіс папоўніў сон раскрыты.
Само сабой, збор раслін з прыведзенага вышэй спісу катэгарычна забаронены, караецца, у адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, штрафам у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь. Інакш кажучы, неасцярожна ці свядома сарваная ў лясным масіве кветачка можа «каштаваць» да 5 мільёнаў рублёў. І як бы ні карцела вярнуцца з веснавога лесу з букецікам далікатна-пяшчотных кветачак, рабіць гэтага ні ў якім выпадку не варта. З-за рызыкі нанесці шкоду ўласнаму кашальку і разумеючы тое, што гэтым самым наносіцца істотная шкода прыродзе. Букецікі вельмі хутка вянуць, а арэал распаўсюджвання перша-цветаў у выніку падобных да іх адносін усё больш звужаецца. Асабліва ў лясах паблізу буйных гарадоў, уздоўж лясных участкаў магістральных дарог і г.д.
Акрамя «эфемераў-чырванакніжнікаў», сярод першацветаў ёсць таксама і віды раслін, якія маюць патрэбу ў прафілактычнай ахове. Разам з недастаткова вывучанымі і рэдкімі, да іх адносяцца і звычайныя ўвогуле, але з прыродаахоўным статусам цюльпан лясны, першацвет вясенні, пралеска высакародная, чубатка полая. Збор чарамшы, ландыша ляснога, падснежнікаў таксама пад забаронай.
Першымі ўпрыгажэннямі нашых лясоў прыемна любавацца. Аднак — не прычыняючы шкоды ім і прыродзе ўвогуле.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *