Друкавалі слова — ляхавічане Тэрэза і Міхаіл Кулікі

Сціплыя і вельмі прыгожыя душой людзі — Тэрэза і Міхаіл Кулікі. Жывуць-пажываюць, радуюцца ўнукам, працуюць на дачным участку — як усе (ціха скажа Тэрэза Міхайлаўна). Яны — пенсіянеры.
І мала хто ведае, што гэтыя людзі былі заняты ў газетнай вытворчасці, друкавалі слова, каб ішло яно ”ў людзі”. Гэта цяпер, калі на медыяпрасторы гаспадараць высокія тэхналогіі, пішучая машынка з’яўляецца старым музейным экспанатам. А некалькі дзясяткаў гадоў назад Тэрэза Кулік, яе машынка «Купалінка» і транзістарны прыёмнік «Акіян» уяўлялі сабой сапраўдны цэнтр прыёму свежай інфармацыі. Настроены на пэўную хвалю прыёмнік лавіў голас дыктара, які спецыяльна для раённых газет перадаваў тэксты афіцыйных паведамленняў. Тэрэза Міхайлаўна прымала іх на пішучай машынцы і перадавала ў сакратарыят. Па сутнасці, «наша Тэрэза» (мы з любоўю і павагай яе так называлі) была першай з нас, ляхавіцкіх газетчыкаў, хто чуў важнейшыя паведамленні ТАСС і БЕЛТА.
У Міхаіла Сцяпанавіча работа была асабліва складанай і адказнай. Спачатку ён працаваў дырэктарам, пасля далучэння да Баранавіцкай — брыгадзірам Ляхавіцкай друкарні, а па сумяшчальніцтве яшчэ і друкаром. Міхаіл Кулік станавіўся першым «рэцэнзентам» кожнага нумару ранейшай раёнкі. Ад яго залежала якасць друку і своечасовы выхад газеты. Бывала, ноччу працавала друкарская машына, каб на раніцу амаль 9 тысяч экзэмпляраў раёнкі ляжалі роўнымі стосамі, гатовымі да адпраўкі.
Заўсёды ў Дзень друку яны ўспамінаюць сваю работу — рэдакцыю і друкарню. І з любоўю дарагіх калег, добрых і шчырых людзей, якія былі побач.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *