Талент быць шчаслівай

Прывабная і абаяльная маладая жанчына, эрудыраваны педагог і прынцыповы кіраўнік, пяшчотная і клапатлівая мамачка і дачка, любімая і любячая жонка, верная і надзейная сяброўка. Кожны, хто знаёмы з Наталляй Перапечка, не перастае здзіўляцца яе вулканічнай энергіі і бязмежнай ініцыятыўнасці. Яшчэ адна адметная рыса — абавязковасць і адказнасць. Прычым, такой яна была і калі вучылася ў школе, затым у Баранавіцкім педагагічным вучылішчы, потым у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Чаму пайшла ў настаўнікі? Усё даволі проста — гэта прафесія для яе і пра яе. Без школы, з яе бурлівым жыццём і гарэзамі-вучнямі, Наталля Міхайлаўна не ўяўляе жыццё.
Яна не шукала лёгкіх шляхоў у прафесіі, а кар’ера нібы сама спяшалася за ёю: настаўніца пачатковых класаў у адной са школ Баранавіцкага раёна, педагог-арганізатар, сацыяльны педагог, настаўнік гісторыі, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце САШ № 1 г. Ляхавічы. Заўсёды Перапечка цалкам аддаецца рабоце і пастаянна ўдасканальваецца — шукае цікавы матэрыял, штудзіруе метадычную літаратуру, знаёміцца з сучаснымі распрацоўкамі калег, наведвае семінары і адкрытыя ўрокі, узначальвае раённае метадычнае аб’яднанне намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, каб з новымі ідэямі і набыткамі зноў спяшацца ў свой, стаўшы родным і блізкім па духу, калектыў і да самых выдатных, па яе словах, вучняў.
Навагодні ці асенні балі, вечары-сустрэчы з цікавымі гасцямі, круглыя сталы, КВЗ, выпускныя вечары ці брэйн-рынгі — за кожным выхаваўчым, пазнавальным ці забаўляльным мерапрыемствам, якое праводзіцца ў САШ № 1, відаць почырк Наталлі Міхайлаўны — непаўторны, з іскрынкай. Канешне, ва ўсім дапамагаюць калегі — і больш вопытныя, і маладыя.
Наталля ніколі не пройдзе міма непарадку ці несправядлівасці, нават, калі гэта і не датычыцца яе — такі яна неабыякавы і шчыры чалавек. Дома сваю любімую мамачку і пяшчотную жонку з нецярпеннем чакаюць і з радасцю сустракаюць сынок Валерка і дачушка Настачка, муж Валера. Яны — шчаслівая і дружная сям’я, дзе разумеюць, падтрымліваюць і бязмежна любяць адзін аднаго. Работа, на якую хочацца ісці, сапраўдныя сябры, надзейны тыл — сям’я, блізкія і родныя людзі — багацце, якім валодае Наталля Перапечка і моцна трымае яго ў сваіх пяшчотных жаночых руках.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *