Мілы доктар Таццяна

Як вы сябе адчуваеце? Перабоі ў сэрцы непакояць? — задае пацыенту пытанне загадчыца кабінета функцыянальнай дыягностыкі цэнтральнай райбальніцы Таццяна Літвіненка. Здавалася б, што тут дзіўнага — звычайная размова доктара і хворага. Калі б не адно «але». Таццяна Міхайлаўна — не толькі ўрач, а сапраўдны прафесіянал у белым халаце. Ёй дастаткова адзін раз убачыць кардыяграму чалавека, і яна яе запамінае назаўжды, а адпаведна, і дыягназ пацыента. Таццяна Міхайлаўна не толькі ставіць дыягназ (прычым, заўжды правільны), але і лечыць ветлівай усмешкай, ласкавым позіркам і шчырымі словамі. Такі вось мілы доктар. Чаму звычайная дзяўчынка, якая захаплялася гісторыяй, пасля заканчэння з залатым медалём школы ў Шчучыне выбрала для сябе прафесію «людзей лячыць»? Захацела прадоўжыць сямейную дынастыю?
— Не, ніхто з маіх сваякоў і блізка не быў звязаны з медыцынай. Што па- ўплывала на мой выбар? Магчыма, гісторыя, якая здарылася, калі вучылася ў першым класе. Мая сяброўка ўпала і доўгі час не магла хадзіць, я яе праведвала, і наша асноўная гульня была ў доктара і хворага. Потым прафесія ўрача стала марай, — расказвае Таццяна Міхайлаўна. Цяпер медыцына для доктара Літвіненка — значная частка жыцця, як у прафесійным, так і ў асабістым плане. Першакурсніцай Гродзенскага медінстытута Таццяна пазнаёмілася са студэнтам Аляксандрам Літвіненка, з таго часу ўжо 30 гадоў яны разам. На рабоце ў райбальніцы Літвіненкі — калегі, дома — аснова дружнай і шчаслівай сям’і.
— Нам цікава разам. Я, напрыклад, не ўяўляю, як можна адпачываць асобна, — разважае Таццяна Міхайлаўна. Радасць, гонар, шчасце бацькоў Літвіненка — іх дзеці. Наталля — юрыст, Міхаіл — будучы эканаміст-менеджар. У таленавітых бацькоў таленавітыя і дзеці.
— Мы ніколі не падаўлялі жаданні сына і дачкі, у выбары прафесіі ў тым ліку. Важна, што паміж намі і дзецьмі былі і застаюцца даверлівыя адносіны, мы паважаем іх меркаванні, а яны — нашы, — гаворыць Таццяна Міхайлаўна.
Няўжо гэта маладая жанчына — мама дарослых дачкі і сына? Яна выглядае, хутчэй, як іх старэйшая сястра — стройная, прывабная, са шчырай абаяльнай усмешкай. У чым сакрэт маладосці?
— Няма ніякага сакрэту, — жыццярадасна смяецца Таццяна. — Люблю салодкае, займаюся на трэнажорах, з задавальненнем наведваю лазню і, канешне, радуюся жыццю ва ўсіх яго праяўленнях, люблю людзей. Сардэчны доктар ведае, што гаворыць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *