Пуцяводная зорка Антаніны Прытульчык

Ляхавічанкай Антаніна Іосіфаўна стала ў 2006 годзе. А нарадзілася, жыла, працавала на Пружаншчыне, якую бязмежна любіць, і якую ўславіла сваімі дасягненнямі. І мы за гонар лічым мець такую слаўную зямлячку. Па-першае, яна надзвычай сціплы, добразычлівы, адкрыты чалавек. Па-другое, Антаніна Прытульчык усю сваю працоўную біяграфію аздобіла высокай адказнасцю, сумленнасцю, свядомасцю, цярплівасцю – з яе выхаваннем па-іншаму і быць не магло.

З 14 гадоў пайшла ў паляводчую брыгаду поплеч з матуляй. Праз колькі гадоў дала згоду паспрабаваць сябе ў жывёлагадоўлі. У тыя даўнія 50-я гады мінулага стагоддзя не рамантыка пацягнула яе на свінагадоўчую ферму, а разуменне слова «трэба». Колькі яе рукі перарабілі, ведае толькі яна. Ніякай механізацыі, усё ўручную, у гумавых ботах, ватоўцы… Няма часу хварэць: за год да 400 парасят выходжвала. Што гэта значыць, зразумеюць тыя, хто ў той час працаваў на фермах.

За славай не ганялася – тая сама яе знайшла: Антаніну Іосіфаўну выбіралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, землякі звярталіся да яе з наказамі, за дапамогай. Усё паспявала!

У 1966 годзе ў яе лёсе загарэлася самая высокая зорка – Антаніна Прытульчык была ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. А святло той зоркі незгасальнае.

…Як яна трапіла ў Ляхавічы? Прыехала сюды жыць да сястры і пляменніцы. Яны – адна дружная, клапатлівая сям’я, якая віншуе з юбілеем свайго дарагога чалавека. «ЛВ» далучаецца да віншавання і жадае шаноўнай юбілярцы здароўя, радасці, увагі ад родных і ўсіх землякоў.

Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *