З кветкамі па жыцці

Пра насенне і ахову раслін наша зямлячка Ніна Акулік ведае, без перабольшвання, усё.  Важкі багаж тэарэтычных ведаў, атрыманых падчас вучобы ў Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме і Ленінградскім сельскагаспадарчым інстытуце, рэалізоўваўся і падмацоўваўся  на практыцы.

Восенню 1950 года 18-гадовая  дзяўчына з вёскі Краглі ўладкавалася на працу лабарантам у Ляхавіцкую раённую інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. Праз 15 гадоў добрасумленнай і выніковай працы ініцыятыўная і мэтанакіраваная Ніна Іванаўна ўзначаліла інспекцыю.  На гэтай адказнай пасадзе яна  з поспехам працавала больш за 20  гадоў — да  выхаду на заслужаны адпачынак. Неаднойчы станавілася пераможцай разнастайных  прафесійных спаборніцтваў, двойчы ўзнагароджвалася бронзавым медалём за дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР, медалём «Ветэран працы». У яе паслужным спісе — шматлікія ганаровыя граматы і дыпломы за вялікі асабісты ўклад у развіццё насенняводства сельскагаспадарчых культур.

Работа для Ніны Іванаўны стала сапраўды другім домам — і ў прамым, і ў пераносным сэнсе: яе кватэра размешчана ў адным будынку з інспекцыяй. Дарэчы, тут шаноўнай госці заўжды рады: як вопытнаму і граматнаму спецыялісту, як шчыраму, добразычліваму і ветліваму чалавеку, цікаваму суразмоўцу. А яшчэ, сцвярджаюць калегі, Ніна Акулік — вельмі жыццярадасная, аптымістычная, надзейная і працавітая.  Вакол яе заўсёды атмасфера свята, радасці. Дапамагае гэтаму мноства кветак, якія яна вырошчвае з любоўю і натхненнем. Без працы, нягледзячы на шаноўны ўзрост, не ўяўляе  сваё жыццё. «Раніцай, калі прыходзім на работу, бачым: Ніна Іванаўна ўжо навяла парадак на сваіх клумбах, кожнай кветачцы ўдзяліла ўвагу.  Мы нават называем яе «рабочая пчолка», — расказваюць сённяшнія работнікі інспекцыі.

Важную і значную вяху ў сваім цікавым, багатым на падзеі (прыемныя і сумныя)  жыцці   Ніна Акулік адзначыла таксама  разам з калегамі. У гэты  святочны дзень з юбілеем шаноўнага ветэрана працы прыйшлі павіншаваць і супрацоўнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Мікалаем Варажуном. Юбілярцы ўручылі Ганаровую грамату райвыканкама, падарункі, адрасавалі мноства добрых слоў і віншаванняў.  Яна гэтага вартая.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *