Пазітыўны чалавек

Роза Суляйманаўна даўно ўжо не працуе. Але і сёння многія з тых, хто звяртаўся да яе  за дапамогай, сцвярджаюць, што такіх надзейных пломбаў на зубы ставіў акрамя яе мала хто. Яна прыехала ў Ляхавічы ў 1955 го-дзе зусім маладзенькай амаль адразу пасля Мінскай зубапратэзнай школы.

На той час ужо выйшла замуж, і ў Ляхавічах сям’я і ў прамым, і ў пераносным сэнсе будавалася, сталела, расла. Іх дом на цяперашняй вуліцы Цітовіча памятае і гаспадара Іосіфа Міскевіча, якому, на жаль,  не давялося дачакацца ўнукаў. Роза Суляйманаўна любіць сваіх хлопчыкаў — ужо вельмі дарослых абодвух сыноў і ўнукаў — за дваіх, за сябе і за мужа, які рана пайшоў з жыцця.

Яна вельмі пазітыўны і дружалюбны чалавек. З задавальненнем корпаецца ў агародзе, наводзіць парадак у кветніку і заўсёды чакае прыезду дзяцей. Нявесткі яе паважаюць і шануюць, ну, а сыны абажаюць. У іх сямейным інтэр’еры светла і ўтульна — у многім ад стаўлення да жыцця і да людзей Розы Суляйманаўны: усё пачынаецца са старэйшых.

…Цюльпаны, касачы, гартэнзія, хрызантэмы, прыгожыя цюлі на вокнах, дагледжаная сядзіба — у гэты дом з задавальненнем ідуць даўнія яго сябры. З Розай Суляйманаўнай прыемна пагаварыць, паўспамінаць, абмеркаваць.  І, пры знешнім спакоі, злавіць іскрынку гонару ў вачах, калі гаворка заходзіць пра ўнукаў: у нейкім сэнсе яны пайшлі па слядах любімай бабулі — сталі медыкамі. Адзін працуе ў Мінску хірургам-траўматолагам, а другі ў Санкт-Пецярбургу ўрачом хуткай дапамогі. Бабуля ж працяглы час была загадчыкам зубапратэзнага аддзялення ў Ляхавіцкай паліклініцы. У агульным знамянальніку ў іх — і медыцына, у тым ліку.

Звычайны чалавек, звычайная жанчына, звычайны і адначасова незвычайны лёс. Абавязкова выберу вольную хвіліну і забягу да Розы Суляйманаўны Міскевіч. З ёй заўсёды цікава.

Вольга СВЯТЛОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *