Хто тут без маскі? У Ляхавіцкім раёне два чалавекі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за тое, што не выконвалі самаізаляцыю

Эпідэміялагічная сітуацыя, звязаная з пандэміяй каранавіруса, значна паляпшаецца. Змяншаецца колькасць зарэгістраваных хворых з пацверджаным дыягназам COVID-19. Разам з тым медыкі ў адзін голас сцвярджаюць, што ні ў якім разе нельга заспакойвацца, па-ранейшаму неабходна прытрымлівацца ўсіх мер перасцярогі: сацыяльнае дыстанцыраванне, захаванне абавязковага масачнага рэжыму, дэзынфекцыя памяшканняў, месцаў масавага знаходжання людзей, мыццё рук ці апрацоўка іх дэзынфіцыруючымі сродкамі. Ну і, канешне, пры першых сімптомах вострай рэспіраторнай інфекцыі – кашлі, павышэнні тэмпературы цела, з’яўленні болю ў горле, слабасці, галаўнога болю – не займацца самалячэннем, а звярнуцца за медыцынскай дапамогай. Лепшы варыянт – выклікаць урача на дом. Тым больш што, акрамя каранавіруса, ніхто не адмяняў іншыя сезонныя хваробы.
На пярэднім плане барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй – і супрацоўнікі райЦГіЭ. Яны праводзяць эпідрасследаванні кожнага зарэгістраванага выпадку COVID-19, высвятляюць пералік кантактаў першага ўзроўню, накіроўваюць грамадзян на самаізаляцыю і разам з міліцыянерамі кантралююць, як яна выконваецца. Дарэчы, па стане на 15 сакавіка на самаізаляцыі знаходзяцца  94 жыхары раёна. Гэта не толькі тыя, у каго дыягнаставаны каранавірус, але і грамадзяне, якія прыехалі з блізкага або далёкага замежжа.
Згодна з паведамленнямі абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, летась на Брэстчыне праведзена звыш 300 тысяч праверак па самаізаляцыі. А па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача райЦГіЭ Віталія Ціханава, на Ляхавіччыне, адпаведна, больш за 10 тысяч. 156 жыхароў Брэстчыны (у Ляхавіцкім раёне – двое) прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за тое, што не выконвалі самаізаляцыю.
– Падчас маніторынгу супрацьэпідэмічных мер у гандлёвых кропках, магазінах, на аб’ектах грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, у навучальных і медыцынскіх установах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях  увага звяртаецца на многія аспекты. Кантралюем, ці ўсе работнікі і наведвальнікі або кліенты знаходзяцца ў сродках індывідуальнай абароны – масках і пальчатках, ці выконваецца рэжым санітарнай апрацоўкі і прыбірання і г. д, якія сродкі дэзынфекцыі выкарыстоўваюцца, і ці адпавядаюць яны неабходным патрабаванням, – расказвае памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Данута Багдановіч.
Напрыканцы мінулага тыдня чарговы маніторынг прайшоў на аўтастанцыі Ляхавічаў. Парушэнняў не выяўлена: пасажыры аўтобусаў і ў зале чакання былі ў масках, дэзынфекцыя своечасовая і па правілах.
Супрацоўнікі райЦГіЭ адзначаюць, што ў параўнанні з пачаткам пандэміі істотна зменшылася колькасць парушэнняў санітарна-эпідэмічнага рэжыму. Раней у некаторых салонах прыгажосці, гандлёвых кропках не захоўваўся масачны рэжым, адсутнічалі дэзынфіцыруючыя сродкі для апрацоўкі рук, несвоечасова праводзілася вільготнае прыбіранне са спецыяльнымі сродкамі. Адпаведна, вінаватыя атрымлівалі папярэджанні ці плацілі штраф. Цяпер сітуацыя выправілася ў станоўчы бок. Аднак, парушэнні, недапрацоўкі, ігнараванне рэкамендацый усё ж маюць месца. Памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Вольга Шчарбакова паведаміла пра такія прыклады. У прыватнай гандлёвай кропцы ПГУП «Величие» ў аграгарадку Ліпск не захоўвалася сацыяльнае дыстанцыраванне, некаторыя пакупнікі былі без масак. У магазіне райпо ў вёсцы Шчэрбава адсутнічалі дэзынфіцыруючыя сродкі, прыбіранне не праводзілася, у даступных для пакупніка месцах знаходзілася пячэнне без упакоўкі. Гарадскі магазін «Шчара» таксама сярод тых, хто правінаваціўся. Тут нездавальняюча праводзіцца дэзынфекцыя і ўвогуле ёсць пытанні да санітарнага стану. Парушэнні выяўлены і на некаторых іншых аб’ектах рознай формы ўласнасці.
А ў ГДК на момант праверкі выкарыстоўваўся дэзынфіцыруючы сродак, які не падыходзіць для такога віду апрацоўкі. Таксама ў гэтай установе не праводзілася тэрмаметрыя (не вымяралася тэмпература цела работнікаў), і вынікі не запісваліся ў спецыяльны журнал, расказала Данута Багдановіч.
Як падкрэслілі ў Міністэрстве аховы здароўя, хутчэй за ўсё масачны рэжым і выкананне супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў прадоўжацца як мінімум да пачатку каляндарнага лета. Так што не расслабляемся: носім маскі, мыем рукі і загартоўваемся.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.