Экзаменуюцца… цэны

Апошнім часам па панядзелках кожная першая палова дня ў старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамары Пракап’юк праходзіць па ўжо звыклым маршруце. На ім чатыры абавязковыя прыпынкі: гарадскія магазіны «Верас» і «Еўраапт» (вуліца Южакова), аптэкі № 56 (вуліца Леніна) і № 265 (вуліца Южакова). Прычым сюды прафсаюзны лідар прыходзіць са своеасаблівай шпаргалкай –  у руках не спіс пакупак, а пералік цэн на пэўныя тавары: ад цукру да мыла.

На кожным з вышэй-пералічаных аб’ектаў усё па адпрацаваным сцэнарыі: прад’яўляецца адпаведнае пасведчанне і пачынаецца штотыднёвы маніторынг наяўнасці і кошту прадуктаў і лякарстваў першай неабходнасці. Калі раней прафсаюзы на пастаяннай аснове аналізавалі цэны на сацыяльна значныя тавары штомесяц, то пасля прыняцця Урадам пастановы «Аб часовых мерах па стабілізацыі цэн на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці» маніторынг праводзіцца штотыднёва.
– Аналіз цэнавай сітуацыі на аб’ектах гандлю выявіў істотнае павышэнне кошту на шэраг тавараў. Таму Федэрацыя прафсаюзаў і падняла пытанне неабходнасці ўвядзення абмежавальных мер на рост цэн. Згодна з пастановай Урада, з 1 сакавіка гэтага года рост цэн на прадукты і лякарствы першай неабходнасці не павінен перавышаць 0,2 працэнта ў месяц. Павышэнне цэн вышэй устаноўленай планкі магчыма толькі пры наяўнасці аб’ектыўных прычын і па ўзгадненні са спецыяль-
най камісіяй пры Савеце Міністраў, – адзначае Тамара Пракап’юк.
У пералік тавараў уключаны прадукты (у спісе 62 найменні), якія неабходны людзям амаль кожны дзень: мука, крупы, цукар, соль, кава, чай, мясныя і малочныя вырабы, рыба, садавіна і агародніна, дзіцячае і дыетычнае харчаванне, цукеркі і іншае, а таксама мыла, запалкі, падгузнікі, туалетная папера і папяровыя сурвэткі. Што тычыцца лякарстваў, то ў спісе 50 найменняў, таксама найбольш запат-
рабаваныя і неабходныя: гарачкапаніжальныя (парацэтамол, аспірын), гіпатэнзіўныя (каптапрыл, метапралол, лізінапрыл), антыбіётыкі (амаклаў, бісапралол, азітраміцын, даксіцыклін), спазмалітыкі і супрацьзапаленчыя (дратаверын, дыклафенак, цытрамон), для лячэння страўніка (амепразол), сардэчна-сасудзістыя, антыгістамінныя, супраць-вірусныя, каплі ў нос і шэраг іншых. Дарэчы, у асноўным усе лекавыя сродкі вытворчасці беларускіх фармацэўтычных кампаній.
Вынікі маніторынгу ўносяцца ў рэспубліканскую базу даных, параўноўваюцца цэны па ўсіх раёнах краіны.
– У выпадку выяўлення адсутнасці прадуктаў і лякарстваў ці неабгрунтаванага росту іх кошту адпаведная інфармацыя адпраўляецца ў Брэсцкае абласное аб’яднанне прафсаюзаў, – тлумачыць Тамара Пракап’юк.
Па словах раённага прафсаюзнага лідара, у Ляхавічах па прадуктах і таварах заўваг не было – устаноўленыя цэны не перавысілі дапушчальныя рамкі. А вось па лякарствах яны мелі месца. Так, пэўны час у продажы ў аптэках, што маніторацца, адсутнічалі таблеткі дыклафенака ў дазіроўцы 0,25 грама вытворчасці «Фармлэнда». Таксама ў параўнанні з папярэднім тыднем узрасла цана на цытрамон, гаворыць Тамара Пракап’юк.
Нехта скажа, маўляў, павышэнне цаны на пяць-дзесяць-дваццаць капеек на сямейны бюджэт асабліва не паўплывае. Але калі такіх тавараў поўная сумка, калі патрэбна мноства разнастай-
ных лякарстваў, пераплату ўжо можна лічыць не ў капейках,
а рублях. Так што такія маніторынгі важныя для кожнага чалавека і кожнай сям’і.

Галіна КАНЬКО.