Інтэрнацыянальнае наваселле. На Ляхавіччыне з 15 сакавіка па 16 красавіка праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні і азеляненні

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

І зашуміць алея паабапал гарадскіх вуліц на ўездзе ў Ляхавічы. Гэта будзе крыху пазней. А пакуль нашы землякі стараюцца такую прыгажосць зрабіць рэальнасцю. У мінулы чацвер працоўны дэсант высадзіўся на гарадскіх вуліцах Леніна, Інтэрнацыянальнай, Арлоўс-
кага. На некалькі гадзін супрацоўнікі розных службаў і падраздзяленняў райвыканкама, работнікі жылкамунгаса сталі лесаводамі і ўключыліся ў добраўпарадкаванне. Адна за адной з’яўляюцца ямкі, апускаюцца ў зямлю саджанцы.
Ім у будучым наканавана вырасці ў прыгожыя дрэвы. Што ж за навасельцы з’явіліся ў нашым горадзе?
Уздоўж вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай зашапочуць лісцем бярозкі, парадуюць вока шарападобныя і ніцыя вербы. Усяго ў мінулы чацвер толькі на гэтым участку «прапісаліся» 160 дрэўцаў. Зразумела, што пакуль саджанцы яшчэ слабенькія, але праз некалькі гадоў пры належным доглядзе і клопаце пра іх набяруцца сілы, возьмуцца ў рост.
– Як і абяцалі, на месцы старых, у большасці сваёй, аварыйных дрэваў высаджваем новыя. Сёння прайшоў толькі першы этап азелянення. У бліжэйшы час працягнем гэтую справу: і тут, і на іншых вуліцах і завулках райцэнтра, – расказвае дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі.
Пасадка дрэў – толькі адзін з эпізодаў вялікай карціны, якая будзе намалявана працавітымі рукамі нашых землякоў падчас месячніка добраўпарадкавання, які праходзіць на Ляхавіччыне. За гэты час неабходна прыбрацца на падведамасных і прылеглых тэрыторыях, правесці азеляненне, абрэзку старых дрэваў, падрыхтаваць кветнікі і клумбы, парамантаваць-пафарбаваць агароджы. Аўтарамі парадку з’яўляемся ўсе мы разам і кожны паасобку. Далучаемся да справы агульнай важнасці, дружна, зацікаўлена, па-гаспадарску шчыруем у Год народнага адзінства. Няхай кожны знойдзе гадзіну-другую, каб прысвяціць іх працы на карысць роднага горада ці вёскі. Пасаджанае дрэўца, куст, нават кветачка – гэта ўклад у вельмі важную справу.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.