Сябры, таварышы, браты. Інтэграцыйны інтарэс. Расійская Федэрацыя па-ранейшаму застаецца асноўным гандлёва-эканамічным партнёрам Ляхавіцкага раёна

2 красавіка 1996 года ў Маскве быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Супольнасці Расіі і Беларусі, а роўна праз год – Дагавор  аб Саюзе Беларусі і Расіі.
Менавіта 2 красавіка ў абедзвюх краінах адзначаюць дзяржаўнае свята – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.

Інтэграцыйныя сувязі паміж дзвюма краінамі фарміруюцца на  трывалым фундаменце духоўнага адзінства, агульнасці гістарычных і чалавечых лёсаў, узаемнай зацікаўленасці ў далейшым сумесным устойлівым развіцці. Сёння ў Саюзнай дзяржаве паспяхова ажыццяўляюцца дзясяткі сумесных вытворчых, навукова-тэхнічных, сацыяльных, абаронных і іншых праграм.

Узаемавыгадны экспарт-імпарт

Расійская Федэрацыя па-ранейшаму застаецца асноўным гандлёва-эканамічным партнёрам Ляхавіцкага раёна.
– Тавараабарот паміж нашым раёнам і Расіяй за мінулы год склаў 19,9 мільёна долараў ЗША, з якіх экспарт – 17,7 мільёна долараў, а гэта 115,8 працэнта да аб’ёму 2019 года, імпарт – 2,2 мільёна долараў. Расце і аб’ём гандлю паслугамі.
Летась тэмп росту ў параўнанні з 2019 годам склаў 125 працэнтаў і дасягнуў 705,7 тысячы долараў. На экспарт прыйшлося 123,7 тысячы долараў, рост – у два разы. А вось імпарт вырас на 16 працэнтаў – 582 тысячы долараў, – расказвае начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Людміла Матчэня. – Увогуле, за апошнюю пяцігодку экспарт тавараў вырас у 2,1 раза, утрая павялічыўся выпуск экспартаарыентаванай прадукцыі.
Як падкрэсліла Людміла Матчэня, удзельная вага Расіі ў знешнегандлёвым абароце таварамі і паслугамі ў 2020 годзе на Ляхавіччыне склала 50,5 працэнта.
Усяго ў мінулым годзе ляхавіцкія знешнегандлёвыя стасункі распаў-
сюдзіліся на 33 рэгіёны Расіі. Найбольш цесна прадпрыемствы і арганізацыі раёна супрацоўнічаюць з Паўднёвай, Цэнтральнай, Паўночна-Заходняй федэральнымі акругамі.
– Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Ляхавіцкага раёна з Масквой, Санкт-Пецярбургам, Краснадарскім краем – асабліва плённае. Менавіта на гэтыя рэгіёны прыпадае 84 працэнты аб’ёмаў нашага знешняга гандлю. А Краснадарскі край, які ўваходзіць у Паўднёвую федэральную акругу, займае першае месца па аб’ёмах узаемнага знешняга  гандлю з Ляхавіччынай сярод расійскіх рэгіёнаў, – адзначае Людміла
Матчэня.
З нашага раёна ў расійскім напрамку адпраўляюцца харчовыя тавары і сельскагаспадарчая сыравіна, дэталі будаўнічыя і з пластмасы, электрычная апаратура і ізалюючая арматура.


На этыкетках паўлітровых слоікаў і вялікіх тубаў красуюцца апетытныя чырвона-жоўтыя яблыкі. Гэта прадукцыя ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» (на здымках) запатрабавана ў расійскага спажыўца. Размова ідзе пра натуральнае яблычнае павідла.
– За ўвесь час, што супрацоўнічаем з пастаўшчыкамі, якія адпраўляюць нашу прадукцыю ў Расію, не чулі ніякіх скаргаў на якасць. Акрамя павідла, завод пастаўляе на расійскі рынак плодаагароднінныя кансервы для прыгатавання першых страў, – адзначае дырэктар ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» Аляксандр Вашчук.
СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы», «Фермент», «Кампазітная Кампанія», фермерская гаспадарка «Уладзімір плюс», ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», Ляхавіцкае райпо – гэтыя прадпрыемствы Людміла Матчэня называе сярод тых, хто пастаўляе сваю прадукцыю ў Расію.
У імпарце пераважае прадукцыя хімічнай прамысловасці: фарбы і лакі, фармацэўтычная, фота- і кінатавары, пластмаса і вырабы з яе, металаканструкцыі, механічныя і электрычныя прыстасаванні, маторныя транспартныя сродкі.

Аграрны аспект

Сельскагаспадарчы напрамак узаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі краін-суседак таксама мэтанакіравана развіваецца. Намеснік начальніка райсельгасхарчу Таццяна Кацуба расказала, што летась і на пачатку бягучага года павялічыла аб’ёмы паставак у Расію мяса буйной рагатай жывёлы ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы». Гэту прадукцыю набываюць Рэспубліка Адыгея, Бранская вобласць, Краснадарскі край, Масква. Вырашчаная ў фермерскай гаспадарцы «Уладзімір плюс» садавіна знайшла пакупнікоў ва Удмуртыі, Санкт-Пецярбургу (летась у паўночную сталіцу Расіі адпраўлена 400 тон яблыкаў). Прадукцыю   ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» закупляюць для вытворчасцей ва Уладзімірскай і Смаленскай абласцях. Знайшлі сваіх пакупнікоў прадукцыя для кармлення жывёлы, рэгулятары росту раслін ТАА «Фермент».
Гэта ўсё пра экспарт. А што ж з аграрным імпартам? У дачыненні мінулага года некаторыя сельгаспрадпрыемствы нашага раёна закуплялі ў расійскіх вытворцаў насенне кукурузы.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.