Рамонт прыйшоў на стадыён. Што адбываецца на стадыёне «Колас» у Ляхавічах?

Развіццю спорту на Ляхавіччыне надаецца значная ўсебаковая ўвага. А шматлікія перамогі юных атлетаў-землякоў на разнастайных стартах толькі пацвярджаюць – такія інвестыцыі сябе апраўдваюць. У прыярытэце не толькі спорт высокіх дасягненняў.
На спартыўных аб’ектах горада і раёна займаецца нямала прыхільнікаў здаровага ладу жыцця – дарослых і дзяцей. І з кожным годам умовы для такіх заняткаў становяцца ўсё больш камфортнымі.

На гарадскім стадыёне «Колас» у рэшце рэшт дачакаліся свайго рамонтнага часу бегавыя дарожкі. Гэта будаўнічая тэма наспявала даўно. Пакрыццё бегавых дарожак – асфальтаванае і не адпавядае сучасным стандартам, таму правядзенне абласных і рэспубліканскіх стартаў на Ляхавіччыне немагчыма. А іншая інфраструктура дазваляе нашаму раёну прымаць спартыўныя спаборніцтвы не толькі раённага, але і абласнога, і рэспубліканскага маштабу.
– У мінулым годзе, дзякуючы падтрымцы раённай улады і асабіста старшыні райвыканкама Мікалая Мароза, які разумее важнасць праб-
лемы, прынята рашэнне аб правядзенні рэканструкцыйных работ на стадыёне. Была распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па аб’екце «Капітальны рамонт бегавых дарожак стадыёна «Колас», выдатакаваны неабходныя сродкі раённага бюджэту – больш за 320 тысяч рублёў.
Заключаны дагавор з будаўнічай арганізацыяй з Гомельскай вобласці, якая выйграла тэндар на выкананне будаўніча-мантажных работ. Яны пачаліся 1 ліпеня і павінны завяршыцца 31 ліпеня.
Канешне, пасля ўвядзення аб’екта ў эксплуатацыю ён не толькі зможа прымаць спартсменаў з вобласці, краіны, але і стане яшчэ больш запатрабаваным у землякоў. А мы марым пра правядзенне рамонту пляцоўкі для скачкоў, штурхання ядра, а таксама трыбун для балельшчыкаў, – адзначае дырэктар Ляхавіцкай СДЮШАР Валянціна Русакевіч.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.