З аграрна-працоўнай пазіцыяй. У ААТ «Нача» адбыўся справаздачны сход

Працуе стабільна і ўпэўнена – гэта пра ААТ «Нача». Тут вядуць справы прадумана, узважана, па-гаспадарску, так, каб на эканамічны плюс  не ўплывала надвор’е і іншыя суб’ектыўныя фактары.
Напрыканцы 2020 года сельгаспрадпрыемства змяніла статус: ранейшае  ДП рэарганізавалася  ў адкрытае акцыянернае таварыства.
Але задачы і мэты засталіся тыя ж: павышаць ураджайнасць і надоі, павялічваць пагалоўе, арганізаваць вытворчы працэс так, каб прадпрыемства развівалася, будавала планы на дзень заўтрашні і паспяхова ўвасабляла іх у жыцці.

Адны з лепшых працаўнікоў ААТ «Нача».
Дырэктар ААТ «Нача» Мікалай Тарлюк уручыў грамату ветурачу Юліі Сафонавай.
Прафсаюзны лідар работнікаў АПК Ірына Чура (у цэнтры) павіншавала начаўскіх аграрыяў.

Справаздачныя сходы ў гаспадарках – падзея не радавая. Напрыканцы сакавіка ў Начаўскім сельвыканкаме сабраліся працаўнікі пры поўным парадзе.
Справаздачу пра поспехі, праблемы і перспектывы трымаў дырэктар ААТ Мікалай Тарлюк. Пустых абяцанняў не даваў – каб мець, трэба працаваць, прычым старанна. Расказаў, што даведзеныя гаспадарцы паказчыкі бізнес-плана перавыкананы, у тым ліку рэнтабельнасць
продажу і рэалізаванай прадукцыі, тэмп росту валавой прадук-
цыі.

Малочныя рэкі
Вытворчасць малака – адзін з важнейшых напрамкаў жывёлагадоўлі, і ўвага яму надаецца самая што ні ёсць вялікая. Надой малака на адну карову склаў летась у «Начы» 6681 кілаграм  (у параўнанні з мінулым годам плюс 160 кілаграмаў). Лічба валавога надою за 2020 год перавысіла 6400 тон.
У снежні 2019 года ў строй уведзена новая малочнатаварная ферма ў Зубелевічах. Сёння там утрымліваюць 396 рагуляў, кожная з якой дае больш за 20 кілаграмаў малака ў дзень. На МТФ «Цэнтр» прапісаны 584 рагулі, сутачны ўдой на адну – 19 кілаграмаў. Сёлета запланавана будаўніцтва яшчэ адной МТФ на 480 галоў.
Вядзецца рэканструкцыя кароўніка на МТК «Зубелевічы».
Летась гаспадарка прадала на перапрацоўку на паўтысячы тон малака больш. Прычым гатункам экстра прададзена 89,2 працэнта,вышэйшым – 10,3. Прыбытак ад рэалізацыі малака склаў 1 мільён 254 тысячы рублёў.
Мясная пазіцыя гаспадаркі таксама адметная – вырашчана мяса ў жывой вазе практычна паўтысячы тон. А сярэднясутачная прывага БРЖ па гаспадарцы склала 632 грамы. Па словах  дырэктара, рэалізацыя ялавічыны для «Начы» не мае эканамічнай выгады. У адрозненне ад малочнай жывёлагадоўлі, якая дазваляе быць рэнтабельнай.

Зямля- карміцелька
Ворыва на начаўскіх землях займае больш за 3000 гектараў. Мікалай Тарлюк звярнуў увагу на тое, што мінулы сезон для раслінаводства склаўся спрыяльна: ураджайнасць збожжавых пасля дапрацоўкі дасягнула 41,2 цэнтнера з гектара. У лідарах ячмень: азімы – 79,7 цэнтнера на круг і яравы – 49,3. Азімы рапс выдаў з аднаго гектара 30,9 цэнтнера – больш, чым летась.
Ад якасці і колькасці нарыхтаваных кармоў залежаць надоі і прывагі. Таму сена, сіласу, сенажу і зернесенажу назапасілі з лішкам. На ўмоўную галаву жывёлы выйшла амаль 30 цэнтнераў кармавых адзінак.
У цэлым у галіне раслінаводства атрыманы прыбытак 454 тысячы рублёў пры рэнтабельнасці 45 працэнтаў.
Дырэктар сельгаспрадпрыемства акцэнтаваў увагу на тым, што тэхніка, якая набываецца, – дзеля павышэння прадукцыйнасці працы і палягчэння ўмоў працы ў жывёлагадоўлі і раслінаводстве.
Зношанасць тэхнікі складае амаль 50 працэнтаў, але машынна-трактарны парк абнаўляецца, закупляецца тэхніка, сучаснае абсталяванне. Сярод усяго і пагрузчык, паілкі групавыя, касілка і г. д. На ферме ў Зубелевічах пабудавана сянажная траншэя. Кошт абноўкі – больш за 33 тысячы рублёў.

Лепшыя з лепшых
За кожнымі лічбай, плюсам, працэнтам, кілаграмам і цэнтнерам – штодзённая руплівая і цяжкая праца кожнага з немалога – 162 чалавекі – калектыву. Мікалай Тарлюк шчыра падзякаваў працаўнікам за прафесіяналізм і разуменне важнасці сельскагаспадарчай справы, уручыў лепшым з лепшых граматы ААТ «Нача». На Дошку гонару прадпрыемства занесены трактарысты-машыністы Сяргей Кісель, Уладзіслаў Купрыш, жывёлавод Валянціна Зейналава, аператары машыннага даення Аксана Грынь, Ганна Анікеенка,
Наталля Дараневіч, тэхнік па штучным асемяненні Генадзій Манько і будаўнік Генадзій Рытвінскі.
Таксама на сходзе прааналізавана выкананне калектыўнага дагавора, агучаны прафсаюзныя планы, фінансавыя паказчыкі.
Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура пажадала працаўнікам плённага і ўраджайнага сельска-
гаспадарчага сезона, адзначыла, што начаўскія аграрыі вызначаюцца сваёй каманднай працай і зладжанасцю. Ірына Чура ўручыла калектыву МТК «Зубелевічы» каштоўны падарунак – мікрахвалёвую печ. Яшчэ адзін падарунак ад прафсаюза – слесару па малочным абсталяванні Юрыю Базыльчыку. Ну і, канешне, па заведзенай аграпрафсаюзнай традыцыі – смачны пірог.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *