Прэферэнцыі для мэтавікаў. Аддзел па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама зацікаўлены ў мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў

Ідзе актыўнае абмеркаванне новых правілаў паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Сваімі думкамі дзеляцца прадстаўнікі навучальных устаноў Ляхавіччыны, супрацоўнікі аддзела па адукацыі, неабыякавыя землякі. Сёння на старонках «ЛВ» – разважанні галоўнага спецыяліста аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама Таццяны ЗУБІК:

– Спынюся на тэме мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў. Сапраўды, без дзелавых, ініцыятыўных, прадпрымальных кадраў немагчыма эфектыўнае вырашэнне любой задачы на прадпрыемстве ці ў арганізацыі. Аднак, каб гарантавана атрымаць дыпламаванага спецыяліста заўтра, прэтэндэнтаў трэба знайсці ўжо сёння. Адным са шляхоў вырашэння пытання кадравага забеспячэння з’яўляецца мэтавая падрыхтоўка спецыялістаў.
У нашай краіне створаны максімальна прывабныя ўмовы для навучання на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Так, з сакавіка мінулага года ўступіў у сілу Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, адно з палажэнняў якога тычыцца зняцця тэрытарыяльных абмежаванняў адносна знаходжання заказчыка кадраў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Калі раней магчымасць заключаць мэтавыя дагаворы на падрыхтоўку спецыялістаў была толькі ў пэўных рэгіёнаў (сельскіх, чарнобыльскіх, гарадскіх з насельніцтвам да 20 тысяч), то цяпер дагавор можа заключаць любая арганізацыя ў любым населеным пункце Беларусі. Акрамя таго, у Правілы прыёму ў ВНУ ўнесены змяненні, якія тычацца суадносін мэтавага набору і кантрольных лічбаў прыёму. Напрыклад, для медыцынскіх спецыяльнасцей мэтавы набор можа складаць да 80 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму, сельскагаспадарчых – да 70 працэнтаў, у сферы адукацыі – да 60 працэнтаў (раней было да 40 працэнтаў).
Згодна з новаўвядзеннямі ў Правілы прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі, «мэтавікі» змогуць паступаць па выніках унутраных іспытаў у вышэйшай навучальнай установе ў вуснай ці практычнай форме – у залежнасці ад спецыяльнасці. Праводзіцца
яны будуць па вучэбнай дысцыпліне, якая вызначана прадметам першага профільнага іспыту. Паступленне практычна па-за конкурсам, гарантыя забяспечанасці першым працоўным месцам як мінімум на пяць гадоў, першачарговае права на атрыманне арэнднага жылля пры ўмове заключэння працоўнага дагавора
ці кантракта на тэрмін не менш за пяць гадоў – сярод пераваг мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў.
Аддзел па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама зацікаўлены ў мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў па найбольш запатрабаваных ва ўстановах адукацыі раёна спецыяльнасцях: фізіка, матэматыка, інфарматыка, хімія, біялогія. Мы гатовы да супрацоўніцтва з навучэнцамі выпускных класаў і іх законнымі прадстаўнікамі.
Усіх патэнцыяльных заказчыкаў кадраў, зацікаўленых у паспяховым развіцці сваёй арганізацыі, павышэнні канкурэнтаздольнасці, запрашаем у школы Ляхавіччыны для правядзення прафарыентацыйнай работы. Адзначу, што ў гэтым накірунку дзейнасці ўстановы адукацыі маюць нямала цікавых напрацовак. Разнастайныя мерапрыемствы, акцыі, сустрэчы з прадстаўнікамі розных спецыяльнасцей і працоўных калектываў, знаёмства з работай прадпрыемстваў і арганізацый
падчас экскурсій і дзён адчыненых дзвярэй – толькі частка шырокамаштабнай прафарыентацыйнай работы, што праводзіцца. Сумесная актыўнасць і мэтанакіраванасць стануць залогам дасягнення добрых вынікаў у мэтавай падрыхтоўцы запатрабаваных спецыялістаў.