Асабістая чарнобыльская гісторыя

Звычайны вясновы дзень 26 красавіка  1986 года змяніў  жыццё мільёнаў людзей. Сёлета з моманту аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі спаўняецца 35 гадоў.
А дата 26 красавіка  ў календары пазначана як Дзень памяці загінулых у радыяцыйных аварыях  і катастрофах.

Забруджаныя тэрыторыі, перакроеныя лёсы, пакінутыя дамы, змененыя месцы жыхарства – наступствы чарнобыльскай трагедыі, якая стала адной з самых буйных за гісторыю чалавецтва тэхнагенных катастроф. Статус зоны адчужэння набылі да гэтага густанаселеныя гарады і вёскі. Аварыя, якая адбылася на Украіне, стала бядой і беларускага народа. Ва ўжытак увайшло слова «чарнобылец», тысячы людзей атрымалі статус перасяленцаў і ліквідатараў наступстваў аварыі на ЧАЭС.
З-за яе некаторых нашых землякоў прызвалі ў рады Узброеных Сіл для ліквідацыі наступстваў аварыі. Вясной 1987 года, за два месяцы да свайго 29-годдзя, атрымаў павестку з ваенкамата і ляхавічанін Васілій Равяка. Тады ён працаваў экскаватаршчыкам у ПМК-24 і адпачываў пасля змены. Сон як рукой зняло.
І не толькі таму, што трэба аператыўна сабраць рэчы, – не давала спакою думка, што пакідае жонку Тамару з дзвюма малымі дочкамі на руках. Кропкай адліку яго асабістай чарнобыльскай гісторыі стала 20 красавіка 1987 года. Разам з землякамі раніцай пагрузіўся ў аўтобус і адправіўся па маршруце Баранавічы – Мінск – Хойнікі.
У дакументах цэнтральнага архіва Міністэрства абароны ўказана, што 21 красавіка Васілій Равяка прыбыў у воінскую часць 07288, якая была сфарміравана ў 1986 годзе для ліквідацыі наступстваў аварыі. А з
4 па 14 мая знаходзіўся ў 10-кіламетровай зоне ад Чарнобыльскай АЭС.
– Атамная электрастанцыя толькі называецца Чарнобыльскай, а на справе размяшчалася каля горада Прыпяць. Знаходзіліся мы ў пасёлку Новашапялевічы, які лічыўся зонай асобага кантролю. Рассяліліся ў будынках сельсавета, школе і г. д. Мясцовых жыхароў эвакуіравалі яшчэ год назад. Пакінутыя людзьмі памяшканні пачалі ўжо разбурацца. Распарадак быў армейскі, увесь дзень па раскладзе. Ды ў тых умовах па-іншаму і не магло быць, – узгадвае мінулыя падзеі Васілій Равяка.
Размаўляць на чарнобыльскую тэму Васілій Адамавіч не любіць – не самыя прыемныя гэта ўспаміны. Апусцелыя вёскі, зарослыя бур’яном палі выклікалі сумныя пачуцці. На вуліцы бегала нямала адзічэлых сабак. Для яго, хлопца з Хацяжа, бачыць вёску ў такім стане было горка.
Працавалі з васьмі раніцы. На рэактары вайскоўцы займаліся, гаворачы мовай афіцыйнай, дэзактывацыяй – апрацоўкай і ліквідацыяй радыеактыўных рэчываў. Выносілі смецце, абломкі, рэшткі кабелю, апрацоўвалі спецыяльным парашком дзверы і іншыя паверхні і г. д. З ахоўных прыстасаванняў – маска, як адзначае Васілій Адамавіч, падобная на тыя, што носім сёння. Неўзабаве трапіў па стане здароўя ў шпіталь у Гомелі, дзе пэўны час знаходзіўся на лячэнні.
Тамара Міхайлаўна ўспамінае, як муж прыслаў запіску: «Прывязі дзяцей. Я ў шпіталі».
І паехала сям’я да бацькі. Вельмі сумавалі без таты дочкі, таму сустрэча выдалася радаснай і вельмі эмацыянальнай.
Пасля выпіскі Васілій у складзе другой роты спецыяльнай апрацоўкі трапіў у Чачэрскі раён Гомельскай вобласці. У вёсках здымалі забруджаны слой расліннага грунту і вывозілі ў кар’еры, вакол калодзежаў насыпалі гліну і ўкладвалі асфальт, на вясковых вуліцах асфальтавалі дарожкі. Вяскоўцы сустракалі салдатаў прыветліва.
20 верасня Васілій Адамавіч вярнуўся дадому. За паўгода разлукі старэйшая дачка Вольга пайшла ў першы клас, падрасла і малодшая Леначка.
Жыццё пацякло па звычайным раскладзе. Як ліквідатар падлячыўся ў санаторыі ў Пяцігорску.
Праз 20 гадоў Васілій Адамавіч праехаў па мясцінах, дзе з саслужыўца-
мі спрабаваў мінімізаваць наступствы аварыі. На месцы былых
вёсак – пустэча.
– Сумна, калі людзі вымушаны пакідаць наседжаныя месцы. У такіх абставінах зусім па-іншаму ацэньваеш значэнне міру, бяспекі, дамашняй утульнасці, – падкрэслівае ліквідатар аварыі на ЧАЭС.
З таварышамі па службе сустракаюцца, тэлефануюць калі-нікалі адзін аднаму. І калі спатрэбілася Васілію Адамавічу дапамога (трэба было засведчыць у судзе, што Равяка знаходзіўся менавіта ў 10-кіламетровай зоне ад Чарнобыльскай АЭС), армейскія сябры як адзін прыбылі па першай  просьбе.
Сёння Васілій Равяка ў працоўных радах камунгаса, шчыруе машыністам экскаватара. Кіраўніцтва яму дае самую лепшую характарыстыку, з павагай гавораць і знаёмыя. Аптыміст па жыцці, наш зямляк перакананы,  што ў заўтрашні дзень трэба глядзець з упэўненасцю і  верыць у лепшае.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.