Электракамфортная сувязь. Спектр паслуг, якія аказваюць ляхавіцкія электрасувязісты, пастаянна пашыраецца

Менавіта яны і ў святы, і ў будні кампазітары нашага настрою, ад іх залежыць, ці будзе ў нас доступ да аднаго з самых запатрабаваных сучасных рэсурсаў – інфармацыі. Яны шчыруюць, каб мы былі на сувязі з нашымі блізкімі, сябрамі, калегамі, бесперабойна працавалі інтэрнэт і тэлебачанне. Пра ўсё гэта клапоцяцца, у тым ліку, і супрацоўнікі Ляхавіцкага ўчастка электрасувязі. Сёння зладжаны калектыў прафесіяналаў аб’ядноўвае  22 чалавекі.


7 мая ў календары прафесійных свят пазначана як Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Адзначаць сваё прафесійнае свята і ляхавіцкія электрасувязісты.
– Сярод асноўных задач РУП «Белтэлекам», у структуру якога ўваходзіць і наша падраздзяленне, – прадастаўленне якасных паслуг (прыкладна каля сотні): тэлефоннай сувязі, тэлебачання, доступу ў сетку інтэрнэт. Спынюся на самых перадавых і запатрабаваных. Дзесяць гадоў назад пачалі ўкараняць на тэрыторыі Ляхавіччыны тэхналогію PON (пасіўная аптычная сетка). Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што гэта тэхналогія пашырае межы магчымага, гарантуе высокую якасць паслуг і стабільнасць скарасцей. Пры гэтым пастаянна папаўняецца пакет прадастаўляемых  паслуг, – адзначае начальнік Ляхавіцкага ўчастка электрасувязі Анатолій Лукашэвіч.
Пяць гадоў назад «Белтэлекам» прыдумаў рашэнне для абанентаў PON, якія карыстаюцца некалькімі паслугамі сувязі адначасова, і прапанаваў пакет «ЯСНА» – брэнд, што аб’яднаў у сабе неабходныя сучасніку доступ у інтэрнэт, тэлефонную сувязь і тэлебачанне.
Увогуле, па словах Анатолія Лукашэвіча, усё большую папулярнасць сярод землякоў набываюць паслугі «Відэакантроль» (зараз у раёне больш за сто абанентаў), «Разумны дом» (больш за 300 абанентаў), якія дазваляюць кліенту быць у курсе таго, што адбываецца ў яго доме, кватэры, офісе.
Спецыфіка работы электрасувязістаў асаблівая. Яны павінны не толькі дакладна ведаць тэхналогію аказання паслуг, але і рэкламаваць іх, выяўляць непаладкі і ліквідаваць. А яшчэ абавязкова знаходзіць падыход да кліентаў.
І ў большасці работнікаў атрымліваецца ўсё спалучаць. Сярод такіх дбайных працаўнікоў і электраманцёр Віктар Свінабурка (на здымку).
– Надзвычай адказны, мэтанакіраваны, пастаянна імкнецца самаўдасканальвацца ў прафесіі, плённа працуе над павышэннем кваліфікацыі. Ён электраманцёр, але дасканала разбіраецца ў нюансах і спецыфіцы работы, самастойна ўхіляе пашкоджанні на аптавалаконных абаненцкіх лініях, а гэта ўжо інжынерны ўзровень, – адзначае Анатолій Лукашэвіч.
Зона адказнасці Віктара Свінабуркі – гарадская тэлефонная сетка, абслугоўваннем якой ён і займаецца вось ужо два дзесяцігоддзі.
– Уладкаваўся на працу ў РВЭС у  2001 годзе. Тады ў мяне быў трэці разрад, цяпер пяты. Канешне, за такі значны перыяд многае змянілася. Тады толькі пачыналі працаваць з падвядзеннем інтэрнэту, цяпер ён, лічы, у большасці дамоў і кватэр. Прычым сярод актыўных карыстальнікаў не толькі моладзь, а і людзі сярэдняга ўзросту, нямала і пажылых землякоў – яны актыўнічаюць і ў сацыяльных сетках, і па скайпе размаўляюць. Павялічваецца з кожным днём і колькасць кліентаў інтэрактыўнага тэлебачання. Так што клопатаў у тых, хто абслугоўвае тэлефонныя лініі, хапае. Акрамя таго, нам неабходна быць у курсе навінак ад «Белтэлекама», каб прапаноўваць іх кліентам, прычым падбіраць аптымальна выгадны варыянт згодна з запатрабаваннямі чалавека, – гаворыць Віктар Свінабурка.
Ён падкрэслівае, што яму камфортна працаваць у калектыве, дзе кожны гатовы прыйсці на дапамогу, падказаць, падставіць плячо падтрымкі. На работу заўжды ідзе з добрым настроем, бо  займаецца справай, якая падабаецца і патрабуе пастаяннага самаўдасканалення, а вучыцца і знаёміцца з новымі тэхналогіямі Віктар Свінабурка любіць асабліва. У вольны час аддае перавагу рыбалцы і рамонту аўтамабіляў. Але галоўныя натхненне і радасць – сям’я: жонка і дзеці.
А ў сёмы майскі дзень Віктар Свінабурка, як і ўвесь калектыў Ляха-
віцкага ўчастка электрасувязі, будзе прымаць віншаванні з прафесійным святам. «ЛВ» таксама далучаецца да іх і мае гонар карыстацца паслугамі электрасувязі. Тым больш, мы таксама маем дачыненне да гэтага прафесійнага свята – рэгулярна рыхтуем выпуск ляхавіцкіх навін для тэлерадыёкампаніі «Брэст».

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.