Паштовы кантакт. Прафесія паштальёна па-ранейшаму застаецца значнай і актуальнай. 7 мая паштовыя работнікі адзначаць прафесійнае свята

Пра паштальёна з Навасёлкаўскага аддзялення сувязі Браніслава Страмавуса з павагай гаворыць і кіраўніцтва, і землякі не шкадуюць самых добрых слоў у яго адрас. 14 красавіка Браніслаў Канстанцінавіч адзначыў 70-годдзе.  І з іх 17 гадоў належаць паштовай справе.

У паштальёны Браніслаў Страмавус прыйшоў з  сельскай гаспадаркі і не проста прыжыўся ў сувязі, а стаў сваім. З работай спраўляецца бездакорна, выконвае з плюсам і даведзеныя вытворчыя паказ-
чыкі. А самае галоўнае, што яго аўтарытэтнаму меркаванню давяраюць землякі. Таму і з падпіскай на перыядычныя выданні ў Канстанцінавіча – так звяртаюцца да яго аграгараджане – праблем не ўзнікае. У дні выхаду «Ляхавіцкага весніка» паштовая сумка не ўмяшчае ўсю карэспандэнцыю.


Калі Браніслаў Страмавус пачынаў сваю працоўную біяграфію, то маршрут яго праходзіў па Навасёлках, Сялявічах і Станчаках. Нярэдка, каб трапіць па ўсіх адрасах дастаўкі, рабіў некалькі рэйсаў. За дзень пешшу пераадольваў не менш за 11 кіламетраў. Заўсёды памятае, хто якія газеты-часопісы выпісвае, і каму трэба падоўжыць падпіску. Умее і падбадзёрыць пажылога чалавека, і пра жыццё-быццё пацікавіцца, паведаміць навіны.
Сёння тэрыторыя ўвагі Браніслава Страмавуса – аграгарадок Навасёлкі і больш за чатыры сотні яго жыхароў. У мінулым час, калі абавязкі паштальёна абмяжоўваліся дастаўкай карэспандэнцыі і пенсіі. У сучасным выкананні ён нагадвае хутчэй карабейніка: акрамя паштовай сумкі, нагружаны яшчэ спажывецкімі таварамі. Да таго, прымае камунальныя плацяжы, афармляе заказы на бытавую тэхніку, мяккую  мэблю і тавары з каталога інтэрнэт-магазіна «Белпошты» і г. д.
Працоўны дзень паштальёна пачынаецца са справаздачы аб рэалізаваным тавары, пасля чарга за сарціроўкай паштовых адпраўленняў, а таксама расфальцоўка газет і падборка іх па адрасах па «хадавіку». Так на мове паштальёнаў называецца журнал, дзе пазначаны адрасы падпісчыкаў. А затым – на маршрут.
– Вось зараз разважаюць пра паступовае знікненне прэсы. А я не згодны з гэтым. У нашым населеным пункце хто выпісваў газеты і зараз працягвае іх чытаць. Ведаю сем’і, якія, напрыклад, з раёнкай сяб-
руюць не менш за сем дзесяцігоддзяў – раней чыталі бацькі і перадалі інтарэс дзецям, – адзначае паштальён.
За больш як чатыры дзесяцігоддзі свайго працоўнага стажу Браніслаў Страмавус займаў розныя пасады: намесніка старшыні СВК «Шлях новы» і галоўнага ветурача гэтай жа гаспадаркі, быў сакратаром партарганізацыі. Але на любой ролі  важным лічыў знайсці ўзаемаразуменне, кантакт з людзьмі.
Спакойны і разважлівы, Браніслаў Страмавус зараджае пазітывам. Хаця на рабоце розныя сітуацыі бывалі, часам і казусныя, асабліва калі мяняліся грошы. Аднойчы, расказвае паштальён, выдаў пенсію вяскоўцу. Той даганяе і гаворыць, што не дадаў яму 50 рублёў. Дастаў свае грошы і аддаў. А пенсіянер раніцай сустракае каля пошты, вяртае купюру і гаворыць: «Выбачайце, няправільна палічыў».
– Сумленны і адказны, добры і вельмі чулы да людзей. З Браніславам Канстанцінавічам працаваць лёгка. Ён з тых, хто ніколі не падвядзе, – такую характарыстыку дае свайму калегу начальнік Навасёлкаўскага аддзялення сувязі Святлана Баковіч.
Браніслаў Страмавус неаднойчы за выдатную працу атрымліваў узнагароды, а летась яго партрэт змешчаны на Дошку гонару Баранавіцкага РВПС.
– Браніслаў Канстанцінавіч – адзін з самых вопытных супрацоўнікаў, на якога могуць раўняцца іншыя. Адзначу тых загадчыкаў аддзяленняў, хто адказна ставіцца да падпіскі на раёнку. Гэта начальнік Русінавіцкага аддзялення сувязі Людміла Кузьміна, Падлескага – Алена Смаршчок, Вольга Таўпека з Начаўскага і Святлана Кірымава з Малагарадзішчанскага аддзялення сувязі, – падкрэслівае начальнік Баранавіцкага РВПС Вольга Арэхва.
На Ляхавіччыне працуюць 23 аб’екты паштовай сувязі, з якіх адно гарадское, адно перасоўнае, астатнія прапісаны ў вёсках і аграгарадках. На ўсіх задзейнічаны  74 работнікі. Штодзень у горад і раён дастаўляюцца каля трох тысяч сродкаў масавай інфармацыі і каля тысячы пісем.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.