22 ЧЭРВЕНЯ: ПАМЯЦЬ УСЕНАРОДНАЯ. Пракурор Ляхавіцкага раёна пра захаванне гістарычнай памяці

У Рэспубліцы Беларусь 22 чэрвеня – памятная дата, Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. 85 гадоў назад, 22 чэрвеня 1941 года, на світанку германскае войска вераломна, без аб’яўлення вайны напала на Савецкі Саюз. Беларусь у ліку першых савецкіх рэспублік прыняла магутны ўдар ворага.

Ігар ПАЛЫКА, пракурор Ляхавіцкага раёна

Даўно адгрымелі залпы Вялікай Перамогі 9 мая 1945 года. У сённяшніх рэаліях незразумелы настойлівыя спробы перапісаць гісторыю і вынікі Другой сусветнай вайны і прынізіць вялікую цану, якую аддаў за перамогу над гітлераўскай Германіяй Савецкі Саюз. Інакш як цынізмам і глумленнем над памяццю тых, хто вызваліў свет ад фашызму, не назавеш узрастаючую тэндэнцыю на Захадзе па зносе помнікаў савецкім воінам.

У той страшнай вайне загінуў кожны трэці жыхар Беларусі. Мы, сённяшнія пакаленні, не дазволім перапісаць гісторыю. У краіне праводзіцца мэтанакіраваная работа, каб белых плям у гісторыі было як мага менш. За пяць гадоў расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа пракурорамі ўстаноўлена, што маштаб трагедыі Беларусі падчас фашысцкай акупацыі значна большы, чым было вядома раней. Летась на Брэстчыне знойдзены тры раней невядомыя месцы масавага знішчэння мірнага насельніцтва.

Дзякуючы актыўнай дапамозе насельніцтва Ляхавіцкага раёна стала магчымым устанавіць месца расстрэлу мірных жыхароў і на тэрыторыі Ляхавіччыны. Дакладней, каля вёсак Новыя Буды і Куршынавічы, дзе падчас правядзення раскопак былі знойдзены астанкі 63 мірных жыхароў, у асноўным жанчын і дзяцей, якія ў жніўні 2022 года былі перапахаваны ў брацкай магіле ў райцэнтры. У пракуратуры Ляхавіцкага раёна дзейнічае экспазіцыя аб генацыдзе беларускага народа. Пра гэта абавязкова павінны ведаць і сённяшнія пакаленні, і наступныя. Каб ніколі больш не дапусціць генацыд, халакост, канцлагеры, як і іншыя жахі вайны.