Памяць патрэбна жывым. 22 чэрвеня ў Беларусі адзначаецца Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа

22 чэрвеня ў Беларусі адзначаецца Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа

Вось ужо 82 гады Беларусь жыве пад мірным небам. Але ўсяго гэтага магло і не быць, калі б не бессмяротны подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны далі адпор фашызму, праявілі мужнасць і гераізм, вытрымалі, выстаялі, не толькі вызвалілі сваю Радзіму ад ненавіснага ворага, але і выратавалі свет ад фашызму. Ведаць пра вайну, помніць пра вайну – гэта патрэбна
не мёртвым, гэта патрэбна жывым. Помніць, каб жыць у міры.

З 26 чэрвеня 1941 года па 6 ліпеня 1944 года – больш за 36 месяцаў,
1 109 чорных дзён і начэй працягвалася акупацыя тэрыторыі сённяшняга Ляхавіцкага раёна.
Першыя дні Вялікай Айчыннай. Менавіта тады была закладзена аснова ў падмурак Перамогі. Змагаецца, не скараецца
ворагу Брэсцкая крэпасць, якую фашысты планавалі захапіць за восем гадзін, а пратрымаліся, не скараючыся ворагу, абаронцы цытадэлі больш за месяц. Жорсткія баі ў чэрвені 1941 года ішлі і на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна. Сёння Завінская горка – напамін пра падзеі, што яшчэ доўгі час не сціраліся ў памяці тутэйшых жыхароў, якія сталі сведкамі жорсткіх баёў. 24 чэрвеня ў гэтых месцах 55-я стралковая дывізія ўступіла ў баі з дзеючымі часцямі гітлераўскай арміі. На заўтра баі прадоўжыліся непадалёку, на беразе Шчары. На два дні былі затрыманы ўдарныя танкавыя часці гітлераўцаў групы армій «Цэнтр», асноўнай задачай якіх была Масква.
З ўспамінаў Міхаіла Попкі, які хлапчуком у тыя страшныя дні бегаў са сваімі сябрамі да ракі пасля таго, як скончыўся бой: «Уся ўскраіна лесу была пераарана снарадамі. Гарматы папсаваны, каля іх шмат забітых…» (кніга «Памяць. Ляхавіцкі раён»). У брацкай магіле ў Завінні пахавана больш за 200 байцоў.
А на месцы баёў у 1967 годзе насыпаны Курган Славы.
На захопленай тэрыторыі фашысты і іх прыспешнікі-паліцаі пачалі ўсталёўваць свой «славуты» акупацыйны рэжым, які прынёс гора, пакуты мірным жыхарам, большасць з якіх – дзеці, жанчыны, старыя. Колькі забітых, знявечаных, закатаваных, спаленых – мірных ахвяр вайны. У чым іх віна?
У тым, што хацелі проста жыць, гадаваць дзяцей, будаваць жыллё, марыць, спадзявацца. Гэта іх хацелі ператварыць у рабоў і знішчыць беларусаў як нацыю нацысцкія зверы. Такое немагчыма забыць і нельга дараваць. У ходзе расследавання ўзбуджанай Генеральнай пракуратурай Беларусі крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады вайны адкрываюцца ўсё новыя і новыя
крывавыя старонкі часоў гітлераўскай акупацыі.
Нягледзячы на расправы, прыгнёт, рабаванне, людзі не скарыліся. Наадварот, аб’ядналіся, і пачалася народная партызанская вайна. Не давалі ворагу спакойна жыць на беларускай зямлі і падпольшчыкі, паўсюдна дзейнічалі камсамольскія і камуністычныя ячэйкі.
А потым было доўгачаканае вызваленне ў ліпені 1944 года. І вось ён, дзявяты дзень мая 1945 года, а з ім і Вялікая Перамога!
На Ляхавіччыне, як і па ўсёй Беларусі, беражліва захоўваецца памяць пра Вялікую Айчынную вайну. Яна ў назвах вуліц, школ, піянерскіх дружын у гонар герояў вайны, у абноўленым Кургане вечнай Славы і дзясятках помнікаў і абеліскаў, да якіх не зарастае сцяжынка памяці ад нашчадкаў. Яна ў душах і сэрцах беларусаў, якія помняць, шануюць, берагуць. Для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія вучыліся калісьці ў СШ № 2, лічылася справай гонару бываць у школьным музеі баявой і працоўнай славы, удзельнічаць у пошукавай рабоце. Памятаю, як мы, школьнікі, пісалі пісьмы салдатам, якія прынялі на сябе удар фашыстаў у чэрвені – ліпені 1941 года і вызвалялі раён у ліпені 1944-га, як наладжвалі сувязь з былымі партызанамі і падпольшчыкамі, бралі шэфства над ветэранамі Вялікай Айчыннай, запрашалі іх у якасці гасцей на піянерскія зборы. Затаіўшы дыханне, слухалі на класных гадзінах расказы сівых салдатаў-вызваліцеляў і плакалі – суперыжывалі дзецям – сведкам ваеннага ліхалецця. Піянерская дружына СШ № 2 і тады, і цяпер носіць імя Героя Савецкага Саюза лётчыка Мікалая Гастэлы, які 26 чэрвеня 1941 года
накіраваў ахоплены агнём самалёт на механізаваную
калону гітлераўцаў.
…І сёлета зноў на світанні 22 чэрвеня застынуць у хвіліне маўчання на Кургане вечнай Славы ў Ляхавіцкім раёне сённяшнія пакаленні. Мы памятаем!
Галіна КАНЬКО.


