Сённяшняе і наступнае пакаленні павінны ведаць праўду пра гераічнае мінулае нашага народа. І гэта прынцыповая пазіцыя, упэўнена намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама

Сённяшняе і наступнае пакаленні павінны ведаць праўду пра гераічнае мінулае нашага народа. І гэта прынцыповая пазіцыя, якая грунтуецца на павазе да гераічнага подзвігу продкаў і нацыянальнай памяці. Любыя спробы перапісаць гісторыю, прынізіць значэнне перамогі ці апраўдаць здраду супярэчаць маральным і прававым нормам, якія абараняюць гістарычную справядлівасць.

Ларыса ЮШКЕВІЧ, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах  моладзі Ляхавіцкага райвыканкама:

Пад пільнай увагай дзяржавы – супрацьдзеянне скажэнню гістарычнай праўды. Значнасць і важнасць тэмы гістарычнага мінулага беларускага народа знайшло сваё адлюстраванне і ў абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У артыкуле 15 Асноўнага Закона абазначана: дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
На тэрыторыі Ляхавіцкага раёна праводзіцца архіўна-даследчая работа ў адносінах да ваеннаслужачых і ўдзельнікаў супраціўлення, якія загінулі ў гады вайны і былі пахаваны на ляхавіцкай зямлі. Сёння галоўная агульная задача – устанавіць раней невядомыя факты пра жыццё і подзвіг герояў-вызваліцеляў, а на мемарыяльных плітах пазначыць новыя імёны!