22 ЧЭРВЕНЯ: ПАМЯЦЬ УСЕНАРОДНАЯ
У Рэспубліцы Беларусь 22 чэрвеня – памятная дата, Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. 85 гадоў назад, 22 чэрвеня 1941 года, на світанку германскае войска вераломна, без аб’яўлення вайны напала на Савецкі Саюз. Беларусь у ліку першых савецкіх рэспублік прыняла магутны ўдар ворага.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 7 мая 2026 года, уручаючы дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным прадстаўнікам розных сфер напярэдадні свяшчэннага свята Дня Перамогі: «Беларусь, якая страціла ў горне Вялікай Айчыннай вайны кожнага трэцяга, разбураная, спаленая, але непакораная, разам з іншымі народамі Савецкага Саюза выратавала планету ад карычневай чумы. Гэта найвялікшая заслуга, гонар беларускага народа, усяго савецкага народа. Ад гэтага гонару мы ніколі не павінны адмовіцца».

Колькасць памятных мясцін, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, павялічваецца на беларускай зямлі з кожным годам.
У рамках міжнароднага інтэрактыўнага гісторыка-патрыятычнага анлайн-праекта алічбавана 2 995 помнікаў і 179 месцаў генацыду беларускага народа.
На Ляхавіччыне ў рамках рэалізацыі гісторыка-патрыятычнага праекта БРСМ «Лічбавая зорка» і праекта ФПБ і ГА «Патрыёты Беларусі» алічбавана 23 помнікі.
Чатыры гарады Брэстчыны – Брэст, Баранавічы, Пінск і Кобрын – узнагароджаны вымпелам «За мужнасць i стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».
БЕЛАРУСЬ ПАМЯТАЕ!
ЛІЧБЫ
На акупаванай тэрыторыі Беларусі нацысты стварылі больш за 570 лагераў смерці для знішчэння ваеннапалонных і мірнага насельніцтва. За час вайны акупанты правялі на тэрыторыі Беларусі больш за 180 буйных карных аперацый.
Спалілі больш за 12 860 сёл і вёсак рэспублікі, з іх не менш за 290 падзялілі лёс Хатыні.
Брэсцкая вобласць першай прыняла на сябе ўдар нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Кошт вайны для нашага рэгіёна аказаўся страшным: знішчана не менш за 400 тысяч чалавек, 887 населеных пунктаў спалена, 91 вёска так і не адрадзілася.
На тэрыторыі вобласці дзейнічалі 63 месцы прымусовага ўтрымання, праводзіліся карныя аперацыі «Прыпяцкія балоты», «Балотная ліхаманка», «Трыкутнік». Насельніцтва Брэстчыны ў сучасных межах тады скарацілася амаль на чвэрць.
За перыяд з 24 чэрвеня 1941 года па 6 ліпеня 1944 года на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна было спалена 48 вёсак і хутароў, разбурана 1 747 двароў, забіта 511 бязвінных ахвяр, сярод якіх дзеці,
жанчыны, старыя…
У школах вобласці працуе больш за 360 пошукавых і краязнаўчых атрадаў, у якіх займаюцца 6 тысяч навучэнцаў.
Рабяты даглядаюць помнікі, удзельнічаюць у экспедыцыях «Маршрутамі памяці», прыводзяць у парадак абеліскі і брацкія магілы. Створаны музеі, банкі даных «Кніга Памяці» размешчаны
на сайтах кожнага раёна.
На Ляхавіччыне на базе СШ № 2 дзейнічае атрад «Следапыты», а ў Конькаўскай, Начаўскай, Малагарадзішчанскай СШ, Падлескай БШ – піянерскія пошукава-даследчыя атрады.
ГЭТА НАША ГІСТОРЫЯ!
Сёння ў краіне ажыццяўляюцца будаўнічыя і рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на аб’ектах, якія з’яўляюцца помнікамі гісторыі і архітэктуры.
За 2021–2025 гады пабудавана, рэканструявана (адрэстаўравана) 67 тэматычных знакавых аб’ектаў. На Брэстчыне за пяць гадоў правялі капітальную рэканструкцыю 105 пахаванняў і помнікаў воінскай славы, а бягучы рамонт – на 729 аб’ектах. Самыя яскравыя прыклады: Урочышча Стасіна ў Столінскім раёне, Мемарыяльны комплекс «Дрэмлева» ў Жабінкаўскім раёне, Сквер Перамогі ў Івацэвічах, Курган вечнай Славы ў Ляхавіцкім раёне.
26 красавіка 2025 года ў Марынове прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця памятнага знака спаленым вёскам Ляхавіччыны. Тры пячныя трубы, што засталіся ад дамоў, і бусел, які раскінуў крылы над раскіданым гняздом, – мемарыял стаў сімвалам усіх мясцовых вёсак, на месцы якіх вайна пакінула выпаленую зямлю і папялішча.

