Традиционный туристско-краеведческий слет школьников прошёл в Ляховичском районе

Традыцыйны турысцка-краязнаўчы злёт школьнікаў раёна прайшоў на тыдні. Спыніцца лагерам было вырашана ў лясным масіве непадалёку ад вёскі Лабузы. Чаму іменна тут? Метадыст раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Ларыса Дзярэчык патлумачыла: «Дастаткова чысты квадрат лесу, ёсць абавязковая для правядзення спаборніцтваў па спартыўным арыентаванні карта ўчастка мясцовасці. Рэльеф ваколіц прыбліжаны да неабходнага, дазваляе ладзіць рознага кшталту іспыты і выпрабаванні. У тым ліку, напрыклад, спаборніцтвы па тэхніцы горна-пешаходнага турызму».
У прысвечаным Году беражлівасці турыстычным зборы прынялі ўдзел каманды 19 агульнаадукацыйных устаноў раёна. З тых, што маглі б падняць канкурэнцыю, не ўбачылі там толькі Сваятыцкую базавую. Астатнія прыехалі, разбілі бівакі, наладзілі свой унутраны турыстычны быт, па-рознаму паспяхова, але актыўна заявілі пра сябе ўдзелам у конкурснай праграме злёту.

Турыстам Крывошынскай СШ дасталося другое месца.

Фармат апошняга можна для вобраз насці ахарактарызаваць як «два ў адным»: складаўся з краязнаўчага і турыстычнага конкурсных блокаў. Пры гэтым рэгламент злёту забараняў сумяшчэнні ўнутры каманды: «турыст» не мог выступіць яшчэ і ў якасці «краязнаўцы» і наадварот.
Краязнаўцы пачыналі з візітоўкі — творчай прэзентацыі камандай-школай асаблівасцяў сваёй малой радзімы. Чым і кім адметны родныя мясціны, якімі здабыткамі можна і трэба ганарыцца, што ёсць паказаць, пра што расказаць у рамках тэмы, абазначанай як «Мясціны майго дзяцінства». Конкурс бівака ішоў «нон-стоп» — доўжыўся на працягу ўсіх двух «злётных» дзён. Свае адносіны, бачанне і стаўленне да Году беражлівасці каманды маглі ўвасобіць у конкурсе друку. Падрыхтаваная непасрэдна ў полі газета павінна была адпавядаць тэме «Эканомія і беражлівасць: пачні з сябе».
У выніку, лепшымі юнымі краязнаўцамі злёту а, па сутнасці, раёна стала каманда сярэдняй школы №2. Другі і трэці прыз «паехалі» ў Начу і Тухавічы адпаведна.

Краязнаўцы СШ №2 былі лепшымі на злёце.

Профільным конкурсам ці этапам турыстычнага блоку злёту, канешне, трэба лічыць камандныя спаборніцтвы па тэхніцы горна-пешаходнага турызму. Размешчаны непадалёку ад лагера выпрацаваны кар’ер аказаўся нядрэнным выпрабавальным палігонам. Абстаноўка, умовы, адметнасці і «складкі» аб’екта патрабавалі ад юнакоў і дзяўчат добрай фізічнай, спецыяльнай горнай, пешаходнай падрыхтоўкі. Лепшымі тут аказаліся вучні Дараўскага вучэбна-педагагічнага комплексу «дзіцячы сад-сярэдняя школа». Удала-роўнае выступленне дараўскай каманды на іншых этапах турыстычных спаборніцтваў — па тэхніцы велатурызму, у конкурсе турыстычнай песні, конкурсе вузлоў — паставіла яе і на агульнавыніковае першае месца. «Другімі» турыстамі раённага злёту выйшлі выхаванцы Крывошынскай СШ, гімназісты — трэція.
Палатачны гарадок раённага турысцка-краязнаўчага злёту школьнікаў быў згорнуты ў сераду ў другой палове дня.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *