Гасцей прымалі блакітныя берэты. У Брэсце на базе 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады прайшоў семінар з удзелам прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ вобласці

На мінулым тыдні ў Брэсце на базе 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады прайшоў семінар з удзелам прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ вобласці. Журналісты змаглі на ўласныя вочы ўбачыць, як служаць сённяшнія салдаты, як праходзяць вучэбныя заняткі, пазнаёміліся з побытам вайскоўцаў, наведалі армейскі музей і атрымалі адказы з першых вуснаў на самыя розныя армейскія пытанні.

Брэсцкая дэсантна-штурмавая брыгада з’яўляецца пераемніцай 105-й гвардзейскай стралковай дывізіі, створанай падчас Вялікай Айчыннай вайны. За мужнасць і гераізм пры ўзяцці венгерскіх гарадоў Папа і Дзявечар яе ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга. За ўзяцце сталіцы Аўстрыі дывізіі была прысвоена ганаровая назва «Венская». У кастрычніку 1979 года яна была перайменавана ў 38-ю дэсантна-штурмавую брыгаду.

Урокі гісторыі пацвярджаюць – магутнасць і бяспеку любой краіны вызначае моц яе арміі. Перамогі нашых продкаў у войнах даказалі: высокі ўзровень прафесіяналізму каманднага складу арміі заўсёды важны. Таму ўдасканаленне сістэмы ваеннай адукацыі з’яўляецца адным з важных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі.

Брэсцкіх дэсантнікаў не проста так называюць элітай Узброеных Сіл Беларусі. Яны сапраўдны прыклад мужнасці і стойкасці, што неаднаразова дэманстравалі на вучэннях не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой.

Каб атрымаць годны статус дэсантніка трэба асвоіць мноства навыкаў – ад стральбы з аўтамата да прыёмаў рукапашнага бою і скачкоў з парашутам. Для гэтага ўзмоцнены вучэбная падрыхтоўка, стрэльбы, марш-кідкі, тактычныя вучэнні, паветрана-дэсантная падрыхтоўка і іншае.

Для таго, каб байцы 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады маглі развіваць свае навыкі, ёсць усё: парадак і дысцыпліна ў казармах, сучасныя спартыўная і трэнажорная залы, сталовая, паветрана-дэсантны комплекс для адпрацоўкі ўсіх дзеянняў пры ажыццяўленні скачкоў з парашутам, а таксама для трэніроўкі асабістага складу ў загрузцы ўзбраення, ваеннай тэхнікі і грузаў.

А яшчэ ўладальнікі блакітных берэтаў беражліва захоўваюць памяць пра сваю гісторыю ў музеі баявой славы. З часам ён папаўняецца новымі экспанатамі – сваю падрыхтоўку брэсцкія дэсантнікі паспяхова дэманструюць на вучэннях у розных краінах.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота аўтара.