Таварыства высакародных спраў. 8 мая – Сусветны дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца

Хвароба, складаная жыццёвая сітуацыя, сацыяльныя праблемы – сітуацыі ў жыцці бываюць розныя. І як важна ведаць, што ў любым выпадку табе працягнуць руку дапамогі, падставяць плячо, падтрымаюць.

Гісторыя Чырвонага Крыжа на Ляхавіччыне налічвае ўжо чвэрць стагоддзя. Складана падлічыць, колькі за гэты час рэалізавана важных праектаў, аказана дапамогі. Але арганізацыя і не гоніцца за дакладнымі лічбамі, галоўнае – зрабіць гэты свет лепшым і дабрэйшым. 8 мая адзначаецца Сусветны дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

У свой  час раённую арганізацыю Таварыства Чырвонага Крыжа ўзначальвалі Валянціна Сяржантава і Таццяна Скакун. Ужо 13 гадоў ля руля добрых спраў Жанна Лешык. З кожным годам арганізацыя разрастаецца: на тэрыторыі раёна функцыянуе 61 пярвічная арганізацыя, у якую ўваходзяць каля пяці тысяч чалавек. У 16 валанцёрскіх атрадах налічваецца 174 валанцёры, большасць з якіх – навучэнцы.

Штодзённая  праца валанцёраў не застаецца без увагі. «Энтузіясты» з ТЦСАН пад кіраўніцтвам Жанны Прывольневай, «Чыстыя сэрцы» з СШ № 1 пад кіраўніцтвам Наталлі Маслоўскай, «Данка» (СШ № 2) пад кіраўніцтвам Яны Сокал, «Пошук» (гімназія) пад кіраўніцтвам Аксаны Гатоўчыц, «Міласэрнасць» (Конькаўскі ВПК) пад кіраўніцтвам Міланы Стрэльнікавай, ініцыятыўная група з ліку пажылых грамадзян «Аптымісты» пад кіраўніцтвам Валянціны Паўлоўскай – гэтыя валанцёрскія атрады не першы год паказваюць прыклад адказнасці, ініцыятыўнасці і неабыякавасці і не проста так з’яўляюцца лепшымі ў раёне.

Як расказала Жанна Лешык, за апошнія гады ў раёне рэалізаваны шэраг важных праграм, праведзены акцыі, трэнінгі і майстар-класы.

Не засталіся ўбаку члены Чырвонага  Крыжа, калі ў Беларусь прыйшоў каранавірус. Атрад хуткага рэагавання арганізаваў дастаўку на асабістым транспарце прадуктаў, рэцэптаў, лекаў сацыяльна ўразлівай катэгорыі грамадзян. Добраахвотнікі Надзея Нячай, Кацярына Яраш, Наталля Усенка і Наталля Крывапушчанка шылі шматразовыя маскі, якія пасля перадавалі ў маламаёмныя сем’і. Неаднаразова Чырвоны Крыж перадаваў дапамогу ў выглядзе сродкаў індывідуальнай абароны, сродкаў дэзынфекцыі і рэспіратараў у ЦРБ і ТЦСАН.

Яшчэ адзін важны напрамак у рабоце – прафілактыка, у тым ліку каранавіруснай інфекцыі.

– Шмат чаго зроблена, шмат чаго яшчэ трэба зрабіць. Я хачу сказаць дзякуй неабыякавым ляхавічанам, усім, хто дапамагае бязвыплатна, аказвае спонсарскую дапамогу. Вы робіце вельмі важную справу –
дзеліцеся дабром свайго сэрца з тымі, каму гэта сапраўды неабходна, – гаворыць Жанна Лешык.

Ірына КУЗЬМІЧ.