Прызванне – сястра. 12 мая адзначаецца Міжнародны дзень медыцынскай сястры. Святкуюць яго медыкі Ляхавіччыны

«Сястра павінна мець трайную кваліфікацыю: сардэчную – для падтрымкі хворых, навуковую – для разумення захворвання, тэхнічную – для догляду за пацыентамі», – гаварыла сто гадоў назад вядомая англічанка Флорэнс Найтынгейл, якая падчас Крымскай вайны арганізавала першую ў свеце службу сясцёр міласэрнасці. Менавіта ў дзень яе нараджэння, 12 мая, адзначаецца Міжнародны дзень медыцынскай сястры.

Сёлета 12 мая яго адзначаць і 298 прафесіяналаў у белых халатах – добразычлівых, абаяльных і ўмелых медыцынскіх сясцёр, памочнікаў урачоў, лабарантаў і фельчараў УАЗ «Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца».
Яны галоўныя памочнікі ўрачоў у прафілактыцы і лячэнні хвароб, адказваюць і за псіхаэмацыянальны стан пацыентаў, аказваюць ім душэўную падтрымку.
З дня ў дзень прадстаўнікі адной з самых гуманных прафесій заступаюць на службу захавання здароўя ў аперацыйным, тэрапеўтычным, педыятрычным, хірургічным, стаматалагічным і іншых аддзяленнях, шчыруюць у стацыянары і паліклініцы. Фельчарска-акушэрскія пункты і ўрачэбныя амбулаторыі, раённыя бальніцы і буйныя медыцынскія цэнтры – без медсясцёр не абысціся. Яны выдаюць лякарствы, ставяць кропельніцы і ўколы, бяруць
аналізы, робяць прышчэпкі, фізіяпрацэдуры, рыхтуюць пацыентаў да аперацыі і робяць шмат іншых такіх неабходных спраў.
– На першы погляд, прафесія медсястры ўяўляецца многімі простай і лёгкай. Маўляў, ставіць градуснік, раздае лекі, піша пад дыктоўку рэцэпт, ставіць укол, п’е каву з калегамі… Рэальнасць зусім іншая. Наша праца адказная, шматпланавая. Ад таго, наколькі яна дакладна і правільна выканана, незалежна ад участка, у многім залежыць якасць лячэння пацыента і яго здароўе. Увогуле прафесія медсястры складаецца з дробязей, але дробязей у ёй няма, бо кожны этап важны. Таму значную ўвагу адміністрацыя ЦРБ надае павышэнню кваліфікацыі медработнікаў. 72 прадстаўнікі сярэдняга медыцынскага персаналу маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 104 –  першую, 48 – другую. Бадай пра кожнага скажу: добры спецыяліст, які выбраў сваю прафесію па закліку сэрца. Канешне, асноўная наша сіла – вопытныя медсёстры, але прыемна, што і моладзь раўняецца, бярэ з іх прыклад. Нездарма настаўніцтва – запатрабаваная форма работы, – адзначае галоўная медсястра Ляхавіцкай ЦРБ Ала Туркіна і дадае: – Калі гаварыць пра кадры, то толькі ў мінулым годзе сярод маладога папаўнення – 21 прадстаўнік сярэдняга медыцынскага персаналу. А 16 чалавек засталіся і далей працаваць ва ўстановах аховы здароўя нашага раёна пасля абавязковай адпрацоўкі.
Аўтарытэт галоўнай медсястры сярод калег важкі і непахісны, заслужаны добрасумленнай і шчырай працай. А сёлета ў працоўнай біяграфіі Алы Туркіной з’явілася яшчэ адна пераможная акалічнасць: Ала Мікалаеўна заняла другое месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года» ў намінацыі «сэрца аддаю людзям».
На пытанне, якой павінна быць медсястра, Ала Мікалаеўна, не задумваючыся, адказвае:
– Як і любы медработнік – ад урача да санітаркі – нераўнадушнай да чужога болю, умець спагадаць. Але ў нашай прафесіі важна кантраляваць уласныя эмоцыі і дакладна выконваць свае прафесійныя абавязкі. Здароўе пацыента не павінна залежаць ад нашага настрою.
Нават у самых складаных сітуацыях нашы медсёстры дэманструюць надзейнасць, зладжанасць, прафесіяналізм і пры гэтым яшчэ знаходзяць энергію, каб падтрымаць пацыентаў, супакоіць іх родных і блізкіх. І падчас пандэміі каранавіруса яны разам з урачамі на перадавой барацьбы з небяспечным вірусам. Дзіву даешся, як на ўсё хапае вытрымкі, адкуль бяруцца сілы і аптымізм, каб выконваць усе маніпуляцыі не толькі якасна, але і хутка. І гэта пры тым, што не надта камфортна ў спецадзенні цэлы дзень у прамым сэнсе бегаць ад пацыента да пацыента, з палаты ў палату.
Канешне, свята – гэта цудоўна, бо гучаць віншаванні, прыемныя словы. Але і ў свой прафесійны дзень многія медсёстры будуць на працоўным месцы. Як, напрыклад, працэдурная медсястра паліклінікі Алена Сокал і медсястра кабінета імунапрафілактыкі Юлія Княжэвіч.
– Алена Сокал – прыклад універсальнага медработніка. Яна на высокім узроўні валодае ўсімі прафесійнымі нюансамі, мае багаты практычны вопыт, таму ёй можна без праблем даверыць участак любой складанасці – працэдурная ці старшая медсястра, паставая або на прыёме з урачом. Адназначна, справіцца. Цяпер яна гаспадарыць у працэдурным кабінеце паліклінікі, – характарызуе калегу Ала Туркіна.
Алена Сокал – не толькі добры спецыяліст сваёй справы. Яна ўважлівы і шчыры чалавек, што так важна для медработніка.
– Не шкадую, што звязала жыццё з медыцынай. Рада, што ажыццявіла мару маёй мамы. Увогуле, не бачу сябе ў іншай сферы. Калектыў, райбальніца, пацыенты – вось маё жыццё, якое я ні на што іншае не прамяняю. Ляхавіцкая ЦРБ – першае і адзінае месца маёй работы, працую тут тры дзесяцігоддзі. Пашанцавала набірацца вопыту, развівацца ў прафесіі разам з калегамі Аленай Акулік, Ганнай Іваноўскай, Марыяй Байрачэнка, – гаворыць Алена Сокал.
Дружалюбнасць, адкрытасць, спагадлівасць, нераўнадушнасць –
гэта таксама пра Алену Сокал. Нездарма яна на працягу доўгага часу была членам прафкама райбальніцы – ёй давяраюць, яе паважаюць.
Юлія Княжэвіч у медыцыне  12 гадоў. Прафесійны ўзрост падлеткавы, але майстэрства ўжо ёсць, як і пэўныя дасягненні, здабыткі, вопыт і прызнанне калег. Пасля заканчэння медыцынскага каледжа яна адпрацавала два гады загадчыкам ФАПа ў Стаўбцоўскім раёне, а з 2011 года яе прафесійны шлях звязаны з медыцынай на роднай Ляхавіччыне: фельчар-акушэр Дараўскай УА, медсястра ЛОР-кабінета паліклінікі, кабінета імунапрафілактыкі.
– Гэта вельмі цікавая прафесія. Лічу, што ў яе або ўлюбляешся назаўжды, або, у адваротным выпадку, трэба шукаць іншую работу. Асабіста я ўлюбілася, – разважае Юлія Княжэвіч.
З захапленнем і ўдзячнасцю яна гаворыць пра сваіх калег-настаўнікаў Алу Туркіну,  Наталлю Лойка, Алену Сокал, якія дапамагаюць ва ўдасканаленні майстэрства медсястры. Юлія не баіцца спрабаваць сябе ў чымсьці новым. Гэта якасць у спалучэнні з ініцыятыўнасцю толькі на карысць прафесійнаму развіццю.
– Не памыліліся, калі даверылі Юліі імунапрафілактыку. Яна хутка ўсяму вучыцца, відавочна, ёй падабаецца менавіта гэты напрамак. Калі пачалі вакцынацыю  супраць каранавіруса, яна актыўна ўключылася ў работу. І хоць у асноўным займаецца больш работай з дакументацыяй, пры неабходнасці практычна дапамагае ў прышчэпачнай кампаніі, –
падкрэслівае Ала Туркіна.
Работа медыцынскіх сясцёр складаная і адказная, патрабуе ўмення прымаць іншы раз  неадкладныя рашэнні, ад якіх  залежыць жыццё чалавека. Няхай ваш высокі прафесіяналізм,  чулае сэрца і залатыя рукі заўжды будуць у пашане.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.