Зялёны ўбор для аграгарадка. Дашкольнікі і педагогі Падлескага ВПК Ляхавіцкага раёна, а таксама бацькі выхаванцаў заклалі сямейную алею

Вясновая сяўба толькі завяршылася, а сёлетняя сталіца раённых дажынак – аграгарадок Падлессе – ужо ва ўсю рыхтуецца да важнага сельскагаспадарчага свята – бенефісу герояў жніва.

– Як толькі даведаліся, што «Дажынкі-2021» пройдуць у Падлессі, пачалі працаваць над тым, каб зрабіць гэты населены пункт больш прывабным, утульным, добраўпарадкаваным. Планаў шмат, частку задуманага пачалі ўжо ўвасабляць. У цэнтры аграгарадка каля мясцовага СДК робім альпійскую горку, завезлі пясок і высаджваем туі. Акрамя таго, замянілі дрэўцы, што не прыжыліся ў бярозавым гаі, высаджаным каля мясцовай школы ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. І там жа пасадзілі 90 саджанцаў – клёнаў, бяроз, каштанаў, – расказвае старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама Ніна Булатая.


Уклад у добраўпарадкаванне сваёй малой радзімы ўносяць тутэйшыя жыхары розных узростаў. Так, на мінулым тыдні да справы агульнай важнасці далучыліся маленькія аграгараджане. Дашкольнікі і педагогі Падлескага ВПК, а таксама бацькі выхаванцаў заклалі сямейную алею з сумаха аленярогага (воцатных дрэў). Саджанцамі, дарэчы, падзяліліся жыхары Падлесся. Пакуль на ёй 12 дрэў, пра кожнае будзе клапаціцца свая сям’я.


Ёсць у гэтым міні-скверы пэўная адметнасць. На кожным саджанцы прымацаваны лісток з пажаданнямі ці вядомымі выказваннямі пра сям’ю. Як толькі саджанцы возьмуцца ў сілу, замест папяровых з’явяцца драўляныя шыльды, больш моцныя і трывалыя да ветру і дажджу.
На азеляненне роднага Падлесся сям’я Кукушкіных прыйшла ў поўным складзе: тата Артур, мама Святлана, сямігадовы Ягор і двухгадовая Кіра.
– З задавальненнем далучыліся да такой цудоўнай акцыі. Здорава разам, усёй сям’ёй паўдзельнічаць у агульнай добрай справе. Хочам, каб нашы дзеці таксама палюбілі сваю радзіму, ганарыліся ёю, клапаціліся пра яе, удзельнічалі ў агульных справах, прывучаем іх да працы з дзяцінства. Мы не толькі пасадзілі дрэўца, а ўзялі над ім шэфства: будзем паліваць, аберагаць. Напэўна, гэта не апошняе дрэва, якое пасадзіць наша сям’я, – гаворыць Святлана Кукушкіна.
А тым часам каля СДК раскінуўся кветнік: 27 туй, 50 кустоў
ядлоўцу, 30 – самшыта, а таксама вербы, гартэнзія, хрызантэмы, касачы, прымулы і іншыя кветкі і кусты ўпрыгожылі тутэйшую кампазіцыю. Яе аўтар і па сумяшчальніцтве дызайнер Ніна Булатая. А ўладкоўваць дапамагалі пад кіраўніцтвам Міхаіла Багацкага тутэйшыя жыхары Юрый і Мікалай Буракі, Сяргей Пахіленка, Аляксандр Пешкур, Уладзімір Туцкі. Дарэчы, з пасадачным матэрыялам зноў дапамаглі неабыякавыя землякі. Ніна Булатая адрасуе словы асаблівай падзякі за падтрымку, дапамогу Людміле Мікуліч, Ніне Прыхач, Алене Навалочка, калектыву Жарабковіцкай СШ.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.