Наш агульны абавязак. Нядаўна на Ляхавіччыне прайшоў месячнік па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі

Нездарма вясну лічаць часам абнаўлення. І сапраўды, у гэтую пару года ў зялёны колер упрыгожваюцца палі, газоны запаўняюцца дываном кветак, вяртаюцца з далёкіх краёў птушкі. Але, на жаль, зноў і зноў прыродную гармонію парушае чалавек: то тут, то там з’яўляюцца сметнікі, сляды падпалаў на траве і іншыя карціны людской безгаспадарчасці і непавагі да навакольнага асяроддзя.

Як супрацьлеглы бок, прыклад неабыякавасці і руплівага гаспадара – традыцыйныя акцыі па навядзенні парадку. Яны маюць розныя назвы, форму правядзення, у іх задзейнічана розная колькасць удзельнікаў. Але аб’ядноўвае адзіная мэта – навесці парадак, зрабіць кожны куточак роднага краю ўладкаваным, утульным, камфортным. Каб і самім было прыемна, і перад гасцямі не сорамна. Нядаўна на Ляхавіччыне прайшоў месячнік па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі. Уключыліся ў работу калектывы прадпрыемстваў, устаноў, грамадскія арганізацыі, школьнікі і навучэнцы, неабыякавыя землякі. Выкананы работы па санітарнай ачыстцы сельскіх населеных пунктаў ад бытавых адходаў, пасаджаны дрэвы і кустоўе. Наводзіўся парадак на сельскіх мініпалігонах, добраўпарадкаваліся месцы воінскай славы, могілкі, расчышчаліся ад мінулагодняга смецця паркі і скверы, лясныя масівы, масавае прыбіранне закранула і тэрыторыю паабапал дарог,
на аўтобусных прыпынках, спілоўваліся аварыйныя дрэвы і іншае.
Аднак, нягледзячы на праведзеную работу, праблема навядзення парадку на зямлі не губляе сваёй актуальнасці. Не ўсе землекарыстальнікі добрасумленна ставяцца да сваіх абавязкаў. Даводзіцца канстатаваць: такіх прыкладаў нямала. Нехта выкінуў смецце ці рэшткі будаўнічых матэрыялаў у месцы агульнага карыстання, у іншага прагніла агароджа, хтосьці ўвогуле забыўся пра неабходнасць наводзіць парадак на сваім прысядзібным участку. Некаторыя грамадзяне прытрымліваюцца меркавання, маўляў, я плачу зямельны падатак ці арэндную плату, гэтага і дастаткова. Таму раблю на ўчастку, што мне захочацца. І такія разважанні, мякка кажучы, памылковыя.
Вось толькі некаторыя абавязкі, ускладзеныя заканадаўствам на землекарыстальнікаў: выкарыстоўваецца выдзелены ўчастак адпаведна з яго мэтавым прызначэннем; неабходна яго добраўпарадкаваць і эфектыўна выкарыстоўваць, папярэджваць зарастанне зямлі драўнінна-хмызняковай расліннасцю і пустазеллем.
Для падтрымання парадку і выяўлення нядбайных гаспадароў супрацоўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама пастаянна праводзяць маніторынгі санітарнага стану тэрыторый горада і сельскіх населеных пунктаў. Пры гэтым службовыя асобы маюць права выдаваць абавязковыя для выканання прадпісанні і складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Звярну ўвагу, што факт прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафных санкцый.
З пачатку 2021 года фізічным і юрыдычным асобам выдадзена
59 прадпісанняў і 73 рэкамендацыі аб неабходнасці навесці парадак на замацаваных тэрыторыях. Радуе тая акалічнасць, што ўсе адрасаты, якія атрымалі такога кшталту «пісьмы шчасця», аказваюцца законапаслухмянымі і прыводзяць тэрыторыю ў належны парадак.
Для таго, каб вуліца, вёска, аграгарадок ці райцэнтр былі чыстымі і прыгожымі, не трэба чакаць заклікаў добраўпарадкавацца. Можна самому стаць ініцыятарам добрых спраў і тым самым зрабіць сваю малую радзіму яшчэ больш прывабнай і гасціннай.

Марына ЗАВАДСКАЯ, начальнік аддзела архітэктуры,
будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама.