Маразы не перашкодзілі жывёлагадоўлі

Спачатку, асабліва святамі, яно радавала, некалькі пазней стала выклікаць ціхі ўнутраны пратэст, апошнія ж дні-тыдзень марознае надвор’е пачало рашуча раздражняць. Як бы там ні было, зімовы хрышчэнскі апагей ужо мінаваў, сонца  канчаткова павярнулася на вясну. Вясеннія думкі, перадвясеннія справы асабліва клапоцяць зараз працаўнікоў вёскі. Яравыя работы – у любым выпадку перспектыва блізкая. Тым больш, сіноптыкі абяцаюць некаляндарна ранні надыход цёплага надвор’я. Семінар- нарада з удзелам кіраўнікоў, спецыялістаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і райсельгасхарчу, што  адбыўся напрыканцы мінулага тыдня, закранаў і тэму падрыхтоўкі да веснавой сяўбы. Акрамя таго, а, магчыма, і ў прыярытэтнай ступені мерапрыемства прысвячалася пытанням вытворчасці  прадукцыі жывёлагадоўлі. МТФ “Альхоўцы” ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс” стала адным з першых  “вучэбных месцаў”.  “Далёка не на самую лепшую ферму ў раёне прывезлі. Што тут можна паказаць?” – прагучаў роздум аднаго з удзельнікаў, калі толькі-толькі наблізіліся. Ёсць што, як высветлілася, паглядзець, да чаго прыслухацца, а прадстаўнікам большасці гаспадарак раёна – пераняць і ўкараніць тое ж у сябе на вытворчасці. У прыватнасці, тым гаспадаркам раёна, дзе пакуль не наладжана паточна-цэхавая сістэма ўтрымання буйной рагатай жывёлы.

У Альхоўцах, акрамя таго, удзельнікі семінара пацікавіліся практыкай утрымання, рацыёнам маладняку БРЖ.

ЗАТ “Белпрампрыбор” з’яўляецца адным з лідэраў раёна па вытворчасці малака. Мінулагодняя сярэдняя ўдойнасць кожнай каровы ў гаспадарцы склала амаль 6,6 тысячы кілаграмаў. Аднак, галоўнае нават не ў колькасці, а ў якасці: 98,5 працэнта малака летась прададзена вышэйшым гатункам, што з’яўляецца лепшым паказчыкам на Ляхавіччыне. Аналагічны сярэднераённы складае 42,3 працэнта. 0,3 працэнта леташняга малака ЗАТ “Белпрампрыбор” адпавядала гатунку “экстра”. Акрамя гэтай гаспадаркі падобная вяршыня скарылася пакуль толькі СВК “Ляхавіцкі”.

Дык куды ж, калі не на МТФ “Галаўнінцы”, ехаць за сакрэтамі вытворчасці высакаякаснай прадукцыі? Нічога асаблівага, як высветлілася на месцы: максімальная ашчаднасць у захаванні чысціні на кожным з этапаў вытворчасці – і ўвесь сакрэт. Неабходна адзначыць і той факт, што кожны з жывёлаводаў “Белпрампрыбора” матэрыяльна матываваны на атрыманне максімальна якаснай прадукцыі. За якасць прадугледжаны рознага роду “бонусныя” налічэнні да заработнай платы. І наадварот: паніжаючыя каэфіцыенты ў выпадку, калі дапушчана неабгрунтаванае падзенне гэтай самай якасці. Зацікаўленасць рублём бадай самы дзейсны сродак у гэтым сэнсе.

ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс” выклікаў цікавасць удзельнікаў семінара-нарады яшчэ і сваімі рамонтна-сервіснымі магчымасцямі, што тычыцца падрыхтоўкі сельскагаспадарчай тэхнікі да сезона веснавых палявых работ. Ніякага сумнення ў кваліфікаванасці работнікаў і адпаведнасці матэрыяльнай базы кожнага з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Аднак, многія віды рамонту, аднаўлення сельгастэхнікі, пэўныя рэгуліроўкі яе вузлоў і агрэгатаў, некаторыя прафілактычныя мерапрыемствы патрабуюць спецыялізаванага абсталявання і навыкаў работы з ім. У гэтым сэнсе ААТ арыгінал не па адной з пазіцый. Гэта датычыць абслугоўвання трактароў замежнай вытворчасці, рамонту іх пасяўных агрэгатаў і іншае. Напрыклад, асвоілі тут і выконваюць аднаўленне зношаных за гады эксплуатацыі зубчатых каткоў пасяўных агрэгатаў. Наколькі тэхналагічна-паспяхова – пакажа вясна. Старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, які ўласнаручна з дапамогай напільніка “пратэсціраваў” якасць работ,  незадавальнення не выказаў.

Па жаданні заказчыка Ляхавіцкі райаграсервіс дапаможа пераставіць             МТЗ 1221 з арыгінальных задніх колаў на пярэднія ад ДОН-1500. Многія экземпляры названай маркі камбайнаў ужо не выкарыстоўваюцца. Колы ж, пры гэтым, застаюцца цалкам эксплуатацыйна прыгоднымі. Не прападаць жа дабру, тым больш, што пастаўлены на іх трактар па некаторых пазіцыях паказвае лепшыя эксплуатацыйныя характарыстыкі, чым калі працуе на арыгінальнай колавай спарцы. Дарэчы, задача на веснавыя палявыя работы ставіцца іменна так: уся глебаапрацоўка павінна весціся трактарамі на спараных ці колах ад камбайна ДОН.

Кропка ў рабоце раённага семінара-нарады была пастаўлена падвядзеннем вынікаў у Галаўнінскім сельскім Доме культуры.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *