Дарыць радасць прыемна! Нашы зямлячкі далучыліся да дабрачыннай акцыі «Дорым радасць!»

Жанчыны па вызначэнні – захавальніцы сямейнага ачага і натхняльніцы на добрыя ўчынкі і справы. Гэта чарговы раз пацвердзілі і нашы зямлячкі, якія днямі далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Дорым радасць!», прымеркаванай да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Яе арганізатар – Беларускі саюз жанчын. Аб’ект увагі – дзіцячыя пляцоўкі.


Людміла Шклянік і Алена Лепяшко з Начаўскай СШ сярод тых, хто таксама шчыраваў у «Чайцы»

На Ляхавіччыне на мінулым тыдні ў аздараўленчым лагеры «Чайка» высадзіўся жаночы працоўны дэсант у складзе работніц Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча, Начаўскай школы і Падлескага ВПК на чале са старшынёй раённай арганізацыі БСЖ Вольгай Бурак.
– Чаму пачалі з добраўпарадкавання менавіта «Чайкі»? Гэта любімае месца адпачынку хлопчыкаў і дзяўчынак з нашага раёна. І, значыць, падарунак ацэніць вялікая колькасць дзяцей. Дзіцячае асяроддзе павінна быць не толькі камфортным, але і бяспечным. Хутка пачнецца летні сезон, і клопат пра юных землякоў вельмі дарэчы. Жанчыны ўласным прыкладам дэманструюць, што, каб вакол было ўтульна і чыста, не трэба вялікіх сродкаў – дастаткова жадання і зацікаўленасці. Спадзяюся, што акцыю «Дорым радасць!» падхопяць іншыя арганізацыі і валанцёры, бацькі выйдуць на добраўпарадкаванне дзіцячых пляцовак, – адзначае Вольга Бурак.
На працягу некалькіх гадзін жанчыны прыбіралі тэрыторыю летніка і наводзілі чысціню ў карпусах, фарбавалі надворнае абсталяванне.

Людміла ШКЛЯНІК, намеснік дырэктара па гаспадарчай частцы Начаўскай СШ:
– На душы цёпла, калі зробіш нешта добрае. Вось з такім настроем шчыравалі ў аздараўленчым лагеры. Тут некалі штогод адпачывала мая дачка Вольга, зараз сюды збіраюцца і ўнукі. Канешне, многае робіцца дзяржавай для рабят. Але і ад кожнага з нас патрабуецца ўклад у агульную карысную справу па навядзенні прыгажосці на дзіцячых пляцоўках.
Людміла КУМЕЙША, прыбіральшчыца Падлескага ВПК «дзіцячы сад – базавая школа»:
– Не першы раз прымаю ўдзел у дабрачынных акцыях
і лічу, што разам мы можам многае. А калі за справу
бяруцца жанчыны, то ёй гарантаваны поспех. Удзелам у добраўпарадкаванні «Чайкі» мы выказалі свой клопат і любоў да дзяцей.


Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.