Прававая адукацыя на працоўным месцы

Што такое фішынг і вішынг, віртуальнае злачынства, як не папоўніць рады ахвяраў інтэрнэт-зламыснікаў – пра гэта і многае іншае вялася размова ў мінулы чацвер падчас сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкай групы з калектывамі кансервавага завода і дзіцячай школы мастацтваў.

У складзе рабочай групы Брэсцкага аблвыканкама па каардынацыі і выкананні плана мерапрыемстваў па прававой адукацыі грамадзян – намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Максім Субота, начальнік упраўлення юрыдычнага суправаджэння галоўнага ўпраўлення юстыцыі Ірына Більдзейка, першы намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб’яднання «Кіруючая кампанія
холдынга «Канцэрн Брэстмясамалпрам» Аляксей Сцепановіч.
Пра формы і метады прававой адукацыі насельніцтва, магчымасці рэалізацыі правоў і законных інтарэсаў, змяненні некаторых заканадаўчых актаў расказала Ірына Більдзейка. Нагадала, што ўся афіцыйная інфармацыя ў галіне права і прававой інфарматызацыі змешчана на сайце pravo.by, маюцца і іншыя тэматычныя інфармацыйныя рэсурсы. Сярод іх і старонкі галоўнага ўпраўлення юстыцыі ў сацсетках.


Намеснік начальніка УУС аблвыканкама Максім Субота акцэнтаваў увагу на асноўных аспектах прафілактыкі кіберзлачыннасці. Пытанні лічбавай трансфармацыі злачыннасці сёння з’яўляюцца аднымі з найбольш злабадзённых. За мінулы год на Брэстчыне ўзбуджана 3124 крымінальныя справы па фактах учынення высокатэхналагічных зла-
чынстваў. Для параўнання:  у 2019 годзе такіх зарэгістравана 1095, а ў 2011 – 60.
Каб не стаць ахвярай махляроў, ні пры якіх абставінах не трэба невядомым асобам паведамляць рэквізіты сваіх банкаўскіх рахункаў і банкаўскіх картак. Супрацоўнікі банкаў ніколі не выкарыстоўваюць для сувязі з кліентам мэсэнджары (Viber, Telegram, WhatsApp). У выпадку паступлення званка «ад супрацоўніка банка» неабходна ўдакладніць яго прозвішча, нумар тэлефона, пасля чаго завяршыць размову і самім патэлефанаваць у банк. Для ажыццяўлення анлайн-плацяжоў трэба выкарыстоўваць толькі надзейныя сэрвісы, абавязкова правяраючы даменнае імя рэсурсу ў адрасным радку браўзэра. Не варта захоўваць банкаўскія карткі, іх фотаздымкі і рэквізіты ў месцах, якія могуць быць даступныя іншым.
Намеснік начальніка УУС падрабязна спыніўся на мерах прафілактыкі правапарушэнняў на тэрыторыі вобласці. Дарэчы, у гэты ж дзень Максім Субота пабываў і ў працоўным калектыве райаддзела ўнутраных спраў, дзе, акрамя тэмы ІПГ, абмеркавалі і працоўныя моманты, кадравыя пытанні.
Сустрэча з рабочай групай Брэсцкага аблвыканкама па каардынацыі і выкананні плана мерапрыемстваў па прававой адукацыі грамадзян – гэта і магчымасць атрымаць кваліфікаваную юрыдычную дапамогу, пракансультавацца па пытаннях дзейнасці натарыусаў, загса, адвакатаў, аддзела прымусовага выканання, а таксама па працоўных пытаннях і пытаннях дзейнасці прафсаюза. Такой магчымасцю
нашы землякі таксама скарысталіся.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.