Убраць, каб пасеяць. У Ляхавіцкім раёне ідзе нарыхтоўка кармоў

Начальнік участка № 2 Іван Пірштук і механізатар Сяргей Юруць.

Простая схема, але няпростая работа – «зняць» ураджай ужо вырашчаны, каб адразу на тых жа плошчах закласці аснову ўраджаю будучага. Ва ўмовах апошніх дзён вясны схема не даруе ні каплі прамаруджвання. Вось і працуюць «Жарабковічы» максімальна шчыльна, комплексна і з задзейнічаннем магутнага фронту тэхнікі.

Задача – убраць на сянаж старыя гектары свірэпіцы і азімых зерневых, а на іх месцы ўкараніць кукурузу. Пачалі на пачатку тыдня. Некалькі часу пайшло на касьбу і прасушку скошанага, каб ужо ў аўторак дэбютаваць з закладкай двухкампанентнай сянажнай масы ў траншэйныя сховішчы.


– Першы дзень быў «прагрэвачным». Прайшліся па тэхналогіі, паспрабавалі тэхніку ва ўмовах рэальнай справы, заклалі дэбютныя дзясяткі тон зялёнай масы. Адпрацавалі ўсяго некалькі гадзін, а поўна-
фарматная, маштабная ўборачная работа пачалася ў сераду, – расказаў начальнік вытворчага ўчастка № 2 ААТ «Жарабковічы» Іван Пірштук.
Пра маштабнасць работ можна меркаваць, у тым ліку, па колькасці і разнастайнасці задзейнічанай у «зялёных» работах тэхнікі. Адно толькі транспарту па дастаўцы сянажнай масы з поля ў траншэйнае сховішча было восем адзінак. Трафік іх руху ўяўляўся дастаткова інтэнсіўным: толькі-толькі паспеў разгрузіцца трактар, на блізкім да траншэі подступе з’яўляўся аўтамабіль. І так амаль без перапынку, быццам бы ў канвеерным рэжыме. На падбор валкоў і здрабненне травы былі пастаўлены два камбайны. А першым па парадку нумарам уборачнай касавічнай кампаніі выступалі граблі-валкавальнік, якія ўступаюць у гульню адразу за касілкай і непасрэдна перад выхадам камбайнаў-уборшчыкаў.
Пара новых «Кіраўцаў»-аратых віднелася некалькі воддаль і працавала ў некалькі іншым напрамку – рыхтавала глебу пад наступны ўраджай. Цяпер ужо кукурузы, сяўба якой пачнецца з завяршэннем уборкі свірэпіцы і азімых зерневых. Сапраўды, імклівая змена аградэкарацый на жарабковіцкім палетку.

Іван КАВАЛЕНКА. Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.