Вясенняе абнаўленне «травы». У Ляхавічах комплексная гульнявая пляцоўка са штучным пакрыццём хутка адкрые свой чарговы спартыўны сезон

Па ступені папулярнасці, загружанасці «работай» гэты невялікі пятачок, здаецца, не меў сабе роўных сярод спартаб’ектаў СДЮШАР Ляхавіцкага раёна. У любы дзень тыдня і любы час у перыметры «каробкі» са штучнай травой назіралася адно і тое ж – гульня. Тайм-аўт пачаўся ў мінулым годзе па прычыне зношанасці штучнага пакрыцця пляцоўкі.


Не сёння-заўтра размешчаная ў межах тэрыторыі стадыёна «Колас» комплексная гульнявая пляцоўка са штучным пакрыццём адкрые свой чарговы спартыўны сезон. Дарэчы будзе сказаць – новы сезон, паколькі кожны, хто сюды прыйдзе, убачыць «каробку» абноўленай у галоўным –  са свежапакладзеным пакрыццём, на якое ступалі пакуль толькі ногі будаўнікоў.
Аб’ект карэспандэнт «ЛВ» наведаў у мінулы аўторак.
– Работы нам тут засталося на два дні «чыстага» часу, калі пастаіць спрыяльнае надвор’е. Працаваць пад дажджом забаронена тэхналогіяй і рэгламентамі. А тэхналогія ў гэтай справе – аснова ўсяму, – заявіў у размове старшы на аб’екце абліцоўшчык сінтэтычным матэрыялам Уладзіслаў Барэйша.
Ён у той момант «варажыў» над «травой»: нізка схіліўшыся, са спецыяльным прыстасаваннем у руках, ставіў на месца літаральна кожны элемент, ці не кожную травінку пасцеленага ўжо, з нанесенай разметкай дывана. Дарэчы, пляцоўка атрымала двайную разметку – міні-футбольную і валейбольную – і будзе гатова прыняць кожны з названых відаў спорту. У зімовы час не забараняецца пераўтвараць яе ў хакейную каробку. Аднак пры ўмове, што слой лёду будзе дастатковы, каб абараніць сінтэтыку ад уздзеяння лёзаў канькоў.
Сінтэтыка пакрыцця ў зборы ўяўляе сабой «пірог» у некалькі слаёў. Апроч асновы-падложкі з замацаванай на ёй «травой», кожны квадратны метр пакрыцця ўтрымлівае каля 20 кілаграмаў пяску і некаторую масу гумовай крошкі. Пясок не просты, здабываецца пад Гомелем і праходзіць спецыяльную дадатковую, з мэтай мінімізаваць калючасць пясчынак, апрацоўку. Пры дапамозе шчотак і адмысловых тэхнік і пясок, і крошка «зачэсваюцца» ў «траву» і, апроч іншых функцый, у працэсе эксплуатацыі дапамагаюць падтрымліваць яе ў правільным становішчы.
Вырабам самога пакрыцця і яго мантажом пад ключ непасрэдна на аб’екце займаецца гомельскае ПУП «Тален груп», вядомае яшчэ і тым, што вырабляе і пастаўляе на рынак аднайменны спартыўны абутак.
– На замену штучнага травянога пакрыцця не затрачана ні рубля бюджэтных грошай. Усе работы коштам больш за 47 тысяч рублёў аплачаны адным з прадпрыемстваў раёна. Яшчэ тысячу рублёў ахвяравалі іншыя арганізацыі Ляхавіччыны. За кошт іх набыты плакаты-наклейкі на тэму спорту, якімі па завяршэнні ўсіх работ будуць аздоблены барты пляцоўкі, і фарба для абнаўлення бартоў. З фарбаваннем, думаю, справімся калектывам спартшколы, –  расказала дырэктар СДЮШАР Валянціна Русакевіч.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.