Па гарачых слядах. У Ляхавічах міліцыя выявіла зламысніка, які сапсаваў экспазіцыю музея пад адкрытым небам

Выкарыстана ілюстрацыя

Нядаўна «ЛВ» паведамляў, што вандалы сапсавалі экспазіцыю музея пад адкрытым небам каля гарадскога пляжа: разбілі сем з 23 устаноўленых там экспанатаў.
Зламысніка супрацоўнікі РАУС знайшлі, што называецца, па гарачых слядах. Як паведаміў оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку РАУС Андрэй Чаранкевіч, парушальнікам грамадскага парадку аказаўся жыхар Ляхавіцкага раёна,
1999 года нараджэння. Дзякуючы, у тым ліку, і прагляду запісаў з камер відэаназірання, міліцыянерам удалося высветліць абставіны здарэння.
Апоўначы кампанія весела бавіла час у альтанцы каля зоны адпачынку ў райцэнтры. Нецвярозы малады чалавек не ўтрымаўся на нагах і ўпаў на адзін з макетаў. Менавіта іх ён палічыў вінаватымі ў сваім падзенні і ўсю агрэсію выліў на яшчэ шэсць экспанатаў.
Канчатковая кропка ў даным супрацьпраўным эпізодзе пакуль не пастаўлена. Андрэй Чаранкевіч расказаў, што праводзіцца даследчая праверка, а зламыснік аднаўляе нанесеныя страты.