Паляванне на двухколага.З пачатку года на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна зарэгістраваны тры крадзяжы веласіпедаў

Папулярнасць двухколавых транспартных сродкаў расце і сярод нашых землякоў. Тлумачыцца гэта многімі прычынамі. Каб кіраваць тым жа веласіпедам, не трэба мець вадзіцельскія правы, ды і навучыцца ездзіць на такім транспарце можна ў любым узросце без асаблівых цяжкасцей. Акрамя зручнасці і даступнасці, ёсць у двухколага сябра і другі бок. Разам з кашалькамі, тэлефонамі веласіпеды вельмі ж прыцягваюць злодзеяў. Крадуць іх, у асноўным, для далейшага перапродажу.

З пачатку года на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна зарэгістраваны тры крадзяжы веласіпедаў. Прычым у двух выпадках вінаваты гаспадары, якія пакінулі веласіпеды ў лёгкадаступных месцах. Яшчэ адзін веласіпед вывезлі з хлява.

З 27 па 31 мая на тэры-торыі раёна прайшлі прафілактычныя мерапрыемствы з мэтай папярэджання крадзяжоў такіх транспартных сродкаў. Каб не стаць ахвярай злодзеяў, будзьце ўважлівыя, не пакідайце веласіпед без нагляду, абсталюйце яго прыстасаваннем для блакіроўкі колаў, не давайце ў карыстанне незнаёмым людзям, тэхнічна ўмацуйце месцы захоўвання (гаражы, падвалы, хлявы). Пры магчымасці на ноч закатвайце веласіпеды ў якое-небудзь закрытае памяшканне, не захоўвайце на лесвічных пляцоўках ці ў пад’ездах – гэта не толькі загрувашчвае месца, але і спрыяе крадзяжам.

Пры адсутнасці пашпарта на транспартны сродак перапішыце яго дакладную назву, мадэль і нумар рамы, каб у выпадку крадзяжу можна было правесці ідэнтыфікацыю. Акрамя таго, звяртайце ўвагу на падазроных грамадзян у пад’ездах, каля дваровых тэрыторый.

Лепш выклікаць міліцыю і папярэдзіць злачынства. Пэўную ролю ў раскрыцці злачынстваў па гарачых слядах могуць адыграць суседзі пацярпелых. Здараецца, што жыльцы пад’ездаў, суседніх дамоў бачаць падазроных, але прытрымліваюцца пазіцыі «мая хата з краю» і нікуды не паведамляюць. А ад такой абыякавасці пакутуюць іншыя. Хачу заклікаць: давайце будзем думаць не толькі пра сябе і сваю маёмасць.

Яшчэ адзін важны момант. Заканадаўствам прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць грамадзяніна за «выкарыстанне маёмасці, якая яму не належыць». Згодна з артыкулам 11.4 Кодэкса Рэспублікі Бела- русь аб адміністрацыйных правапарушэннях,за прысваенне чужой маёмасці прадугледжаны папярэджанне ці штраф у памеры да пяці базавых велічынь. А калі злачынства кваліфікуецца як прысваенне ў асабліва буйным памеры чужой маёмасці, то гэта ўжо артыкул 215 Крымінальнага кодэкса і, адпаведна, пакаранне больш жорсткае: грамадскія работы, штраф ці арышт.

Віталій ДАБРАЧЫНСКІ, начальнік ААПП РАУС.