Іспыты палатачнага гарадка. Ляхавіцкія гімназісты з абласнога злёту вярнуліся з дыпломамі

Тры дні – з 26 па 28 мая – у Кобрынскім раёне праходзіў XIV абласны злёт-конкурс навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па факультатыўным курсе «Бяспека жыццядзейнасці» і
XIX злёт Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных. За званне лепшых спаборнічалі 17 каманд, сярод якіх і нашы землякі – гімназісты.

Арганізатары спаборніцтваў – абласное ўпраўленне МНС, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама і галоўнае ўпраўленне па адукацыі, а таксама абласныя арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, Асвода, абласная арганізацыйная структура Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства.
Кожны конкурс патрабаваў не толькі ведаў і ўменняў, а і спрытнасці, вытрымкі, творчасці: «Палатачны гарадок», «Устаноўка палаткі», «НС тэхнагеннага характару», «Баявое разгортванне», «Водная пера-шкода», «Аказанне першай дапамогі» і «БМГАВП –  арганізацыя мая».
Падчас іспытаў рабят падтрымлівалі супрацоўнікі РАНС Таццяна Калгушкіна і Валянцін Сарайкін, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Віктар Яварчук і педагог-арганізатар гімназіі Наталля Савасцьянік, якая напісала сцэнарый візітоўкі каманды ў выглядзе тэматычнага мюзікла.
– Наша каманда праявіла сябе зладжанай і кампетэнтнай. Хлопчыкі і дзяўчынкі аператыўна апраналі амуніцыю выратавальнікаў, майстарскі ўстанаўлівалі палаткі, з веданнем справы аказвалі першую медыцынскую дапамогу, – не хавае радасці за рабят намеснік дырэктара гімназіі Аксана Гатоўчыц.
Па выніках злёту гімназісты занялі сёмае агульнакаманднае месца, заваявалі перамогу ў конкурсе «БМГАВП – арганізацыя мая», адзначаны дыпломам за другое месца за арганізацыю палатачнага гарадка.
Песні пад гітару ля вогнішча, уменне падставіць плячо таварышу і прыстасавацца да палявых умоў жыцця, а яшчэ жаданне дастойна справіцца з заданнямі і пераадолець выпрабаванні – гэта ўсё перажылі нашы рабяты падчас злёту. Сёння яны ўжо размяркоўваюць заданні на злёт у наступным годзе і вырашаюць, што і як арганізаваць, каб скласці сапернікам дастойную канкурэнцыю.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.