Вёскі чытаюць шмат. У Ляхавіцкім раёне насельніцтва чакае бібліёбус. Чаму?

Хтосьці асабліва чакае на вёсцы прыезд аўталаўкі, выязны канцэрт ці мабільны ФАП, іншыя вяскоўцы не могуць дачакацца аўторка ці чацвярга, каб у іх вёсачцы з’явіўся бібліёбус.

Інстаграмаўская навіна ў акаўнце купалаўкі, дзе бібліятэка на колах абслугоўвае сваіх чытачоў, заляцела па праглядах і лайках. Варта прызнаць, сюжэт кранальны, у нейкім сэнсе настальгічны. А калі гаварыць пра запатрабаванасць, то такі працоўны сюжэт для чытачоў бібліёбуса – паслуга вельмі неабходная.

…Нам пашчасціла стаць часткай чытацкага маршруту ў напрамку Мядзведзічы – Куршынавічы. На гадзінніку каля дзесяці, а бібліятэка на колах імчыць па сельскіх адрасах.
– Не дай бог спазніцца, людзі настолькі цябе чакаюць, што зага-дзя тэлефануюць, ці мы прыедзем, ці ўсё ў сіле. Убачыце, якая будзе чарга ў Мядзведзічах і Куршынавічах. Тут людзі любяць чытаць. Прытым у кожным населеным пункце свае кніжныя перавагі: у Мядзведзічах любяць раманы, а вось у Куршынавічах запыты часцей па класіцы, – расказвае загадчыца філіяла Ляхавіцкай гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы, а па сумяшчальніцтве адказны за кнігаварот бібліёбуса Святлана Станіславовіч.
У беленькім мікрааўтобусе ўсё падпарадкавана асабліваму кніжнаму раскладу. За адзін маршрут да чытачоў імчыць каля 400 кніг. Прытым Святлана Іванаўна сваіх чытачоў ведае на ўсе сто. Праз кніжныя прапановы знаёміцца з характарамі, кніжнымі запытамі і ўжо сама ведае, чым на гэты раз задаволіць чытачоў.
– Ведаеце, гэта як творчая суполка, заўжды апасля цікаўлюся ў наведвальнікаў бібліёбуса, ці ўгадала з кнігай? Бывае спрачаемся наконт сюжэтаў ці герояў. Такія творчыя баталіі мяне падбадзёрваюць. Галоўнае, што кніга знаходзіць свайго чытача, нават калі ёй трэба пераадолець такі шлях. Прыемна, што мне давяраюць, чакаюць, з многімі наша сяброўства доўжыцца каля дваццаці гадоў, – адзначае бібліятэкар.

Сапраўды, у Мядзведзічах – кніжнае рандэву. У азначаным месцы мікрааўтобус пераўтвараўся ў кніжны павільён: людзі падыходзілі, здавалі прачытанае, дзяліліся меркаваннямі і выбіралі новую літаратуру. Размова пра кніжныя сюжэты і аўтарскія задумкі плаўна перацякала ў гутаркі пра жыццё, дзяцей і планы на восень. Для многіх жыхароў такія сустрэчы – глыток свежага паветра.

– Ведаеце, па кожным нашым маршруце нас чакаюць нашы чытачы. Яны такія розныя. Вось, напрыклад, Ядзвіга Гладкая з Мядзведзіч – прык-лад для захаплення. У свае 87 гадоў не прапускае ніводнага нашага прыезду. Кнігамі зачытваецца. А ў Адахаўшчыне Соф’я Кліменка заўжды прыходзіць з вялікай скрыняй прачытаных кніг і ашчадна падбірае творы на вечар. Доўга размаўляем, разважаем пра жыццё, чалавеку патрэбна цікавая кніга і той, з кім яе можна абмеркаваць. У гэтым бачу сэнс сваёй працы, – гаворыць Святлана Іванаўна.
Святлана Іванаўна ў бібліятэчным жыцці амаль 40 гадоў. Магчыма, і гэтым тлумачыцца яе здольнасць чытаць людзей, як кнігу. Аднак ёсць яшчэ адна, напэўна, самая важная акалічнасць. Яна бязмерна любіць чытаць, на паліцы заўжды творы беларускіх аўтараў. Красамоўны штрых да партрэта. У размове даведалася, што сярод мараў зямлячкі –
калі выйдзе на заслужаны адпачынак, перачытаць усё тое, да чаго аднойчы дакрануўся яе чытацкі інтарэс. Перачытаць і пераасэнсаваць.
У кніжным графіку бібліёбуса – сем маршрутаў – 24 вёскі. Даімчаць да сваіх чытачоў – справа гонару для вадзіцеля Івана Плескацэвіча. Калі мікрааўтобус спыняецца ў населеным пункце, ён таксама ў справе. Бывае трэба адрасна кнігі даставіць. Таму пад яго пільнай увагай – тэхнічны стан кніжнага транспарту. Пытаюся, які населены пункт чытае больш за ўсіх.
– Усе вёскі на маіх маршрутах любяць чытаць і чытаюць многа. Пасля такіх літаратурных паездак заўжды шчаслівая. І такой мяне робяць нашы чытачы. Кніжны фонд перасоўнай бібліятэкі – каля двух тысяч кніг. Але ж для нашых чытачоў адкрыта ўся прапанова купалаўкі – гэта больш за 54 тысячы. А колькі перыёдыкі. Ведаеце, што ў вёсках нашы землякі любяць перачытаць архіўныя выпускі розных часопісаў і газет, – расказвае Святлана Іванаўна.

15 верасня прафесійнае свята адзначаць супрацоўнікі бібліятэк. Наша бібліятэчная сістэма – гэта сінтэз ведаў, творчасці, жадання зрабіць паход у бібліятэку не толькі кніжным задавальненнем, але ж і светам, дзе адкрываецца многае.
– Шчыра віншую калег і ветэранаў са святам, якое напоўнена любою да культурнай спадчыны краіны. Мы працуем у месцы, дзе ў кожнай кнігі свая гісторыя, а мы стараемся зрабіць усё магчымае, каб гэта гісторыя была пачута. Мы ведаем, што адна кніжная старонка можа змяніць настрой, погляд на многія рэчы, а часам – і само жыццё. І гэта ўсё магчыма дзякуючы вам, паважаныя калегі. Жадаю, каб у вашым жыцці заўжды знаходзілася кніга па душы. Дзякуй за прафесіяналізм і любоў да сваёй справы! – віншуе калег з прафесійным святам дырэктар Ляхавіцкай ЦБС Вольга Пляшэвіч.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.