Шлях беларускага адзінства. З 3 па 17 верасня ў краіне праходзіць рэспубліканская акцыя «Беларусь адзіная», прымеркаваная да Дня народнага адзінства. На маршруце акцыі – і Ляхавіччына

Сёлета ў якасці спікераў у дыялогу з прадстаўнікамі пакалення маладых выступаюць іх равеснікі. А замест лекцый маладыя патрыёты – актывісты БРСМ, студэнты, прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, партыі і грамадскага аб’яднання «Белая Русь», РГА «Патрыёты Беларусі», ГА «Беларускі саюз жанчын» – расказваюць юнакам і дзяўчатам пра гістарычны лёс Беларусі.
Ініцыятарам акцыі «Беларусь адзіная» з 2021 года з’яўляецца рэспубліканскае таварыства «Веды». Маршрут-2026 стартаваў 3 верасня на Гродзеншчыне, а фінальнай кропкай стане маштабны маладзёжны форум у Мінску, які адбудзецца непасрэдна 17 верасня ў Дзень народнага адзінства.
Цікавы адкрыты дыялог адбыўся ў мінулы аўторак у межах акцыі ў Ляхавіцкім аграрным каледжы. З навучэнцамі ЛАКа сустрэліся намеснік старшыні Маладзёжнага савета пры Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Мінскага гарвыканкама Ганна Трухан і курсант ваенна-медыцынскага інстытута БДМУ, актывіст БРСМ Андрэй Губко.
Акцэнт на 1921 год, калі пасля заключэння Рыжскага, як потым аказалася, далёка не мірнага дагавора
Беларусь была падзелена на Заходнюю і Усходнюю. Гаварылі пра сённяшні дзень, значэнне і ролю Дня народнага адзінства, каштоўнасці, якія з’яўляюцца асновай агульнанацыянальнай згоды.
Пачынаючы размову, Андрэй Губко спыніўся на тым, што пасля 1921 года значная частка беларускіх земляў апынулася ў складзе Польшчы, а дзяржаўная мяжа падзяліла не толькі тэрыторыю, але і народ,
сем’і. Несправядлівасць па-дзелу прадэманстравалі праз інтэрактыўную сітуацыю. Яшчэ да пачатку сустрэчы агракаляджанам раздалі яблыкі, але адны рабяты атрымалі цэлы яблык, а некаторыя палавіну. Арганізатары адразу не патлумачылі мэту такога дзялення. Пасля таго як Андрэй Губко расказаў пра жыццё нашых продкаў у Заходняй Беларусі, рабятам прапанавалі ўявіць, што ў чалавека забралі палову жылля і аб’явілі, што так будзе заўжды. Вось і раскрыўся сэнс задумкі з яблыкамі. У верасні 1939 года востра стаяла пытанне – быць ці не беларусам як нацыі? А палавінкі яблыка сімвалізуюць складаны лёс беларусаў таго часу.
У 2021 годзе ў нашым календары з’явілася самае маладое свята – Дзень народнага адзінства. Як не ўзгадаць словы Прэзідэнта Беларусі на Шостым Усебеларускім народным сходзе (праходзіў 11–12 лютага 2021 го-
да пад дэвізам «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць») наконт таго, што мы можам будаваць розныя планы і ставіць пэўныя задачы, але калі не будзе згуртаванасці і адзінства, усё застанецца на словах. І сапраўды, толькі мы сваімі рукамі, сваімі дасягненнямі, талентамі і поспехамі будуем будучыню.
У цэнтры ўвагі сустрэчы падчас акцыі «Беларусь адзіная» –
тэма зняважлівых адносін да ўсяго беларускага ў панскай Польшчы з 1921 па 1939 год. Беззямелле і беспрацоўе, палітыка паланізацыі, забарона гаварыць на роднай мове. Кіраўніцтва Польшчы ставіла адну мэту: звесці беларускую нацыю толькі да ўзроўню таннай рабочай сілы. І невядома, што было б з Беларуссю, калі б
17 верасня 1939 года не пачаўся вызваленчы паход Чырвонай арміі, яна прыйшла на дапамогу беларусам, якія вялі самаадданую барацьбу за сваю нацыянальную свядомасць. У выніку чаго Заходняя Беларусь была аб’яднана з БССР. Вось чаму дата 17 верасня абрана Днём народнага адзінства.
Як справядліва адзначалася на сустрэчы, адзінства – не значыць думаць аднолькава, трэба чуць адзін аднаго, ведаць і шанаваць гісторыю, агульныя карані, шанаваць Бацькаўшчыну, мір, гістарычную праўду і права самастойна вызначаць сваю будучыню.
А далей пачаўся квіз. Пытанні тычыліся падзей, дат, прозвішчаў, пра якія ішла размова падчас дыялогу. Навучэнцы ЛАКа расказвалі пра свае асацыяцыі, звязаныя з Днём народнага адзінства.
На працягу сустрэчы было відавочна, што адбыўся канструктыўны і адкрыты дыялог па самых актуальных пытаннях. Да свайго самага маладога свята – Дня народнага адзінства – наша Беларусь прайшла доўгі, напоўнены падзеямі і здабыткамі час.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Мы прыкладна аднаго ўзросту з агракаляджанамі, нас хвалююць аднолькавыя тэмы, мы цікавімся гісторыяй Радзімы і нам неабыякава будучыня Беларусі. Для нас як спікераў важна не толькі расказаць пра Дзень народнага адзінства, але і пачуць водгукі ад аўдыторыі. Такія сустрэчы дапамагаюць зразумець, што сённяшняе пакаленне маладых беларусаў гатова браць на сябе адказнасць за заўтра краіны. Нам разам жыць у мірнай і квітнеючай Беларусі, – адзначыла Ганна Трухан.

