Прафесіяналізм, адказнасць і жаночая мудрасць. 12 верасня прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі органаў папярэдняга следства

12 верасня прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі органаў папярэдняга следства – людзі, для якіх словы «Закон», «Справядлівасць» і «Айчына» з’яўляюцца сэнсам жыцця.
Сёлета свята асаблівае – юбілейнае. Роўна 15 гадоў назад, у 2011 годзе, Кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ № 409, які паклаў пачатак дзейнасці Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. За гэты час ведамства заняло дастойнае месца ў сістэме забеспячэння нацыянальнай бяспекі краіны, заслужыўшы аўтарытэт дзякуючы прынцыповасці і прафесіяналізму супрацоўнікаў.
Юбілей структуры ў 2026-м атрымлівае асаблівае вымярэнне – гэты год абвешчаны Годам беларускай жанчыны. І сёння з асаблівай пашанай мы гаворым пра тых, хто штодня даказвае: мужнасць, адказнасць і прынцыповасць – рысы, аднолькава ўласцівыя як мужчынам, так і жанчынам, якія сталі на абарону справядлівасці.
У Ляхавіцкім РАСК нясуць службу дзве прадстаўніцы прыгожай паловы – старшы лейтэнант юстыцыі следчы Наталля Карпухіна і інспектар па дакументацыйным забеспячэнні Ала Данільчык. Розныя пасады, але адна агульная гісторыя пра тое, як жаночая мудрасць і цвёрдасць характару становяцца асновай прафесіяналізму.

Жанчына ў пагонах
Наталля Карпухіна – прыклад таго, як можна быць адначасова клапатлівай маці і адказным следчым. На яе рахунку нямала раскрытых крымінальных спраў. Выпускніца факультэта эканомікі і права БарДУ ў праваахоўнай сістэме шэсць гадоў, і тры з іх – у РАСК. У яе следчым арсенале – дыплом самага трапнага стралка па выніках вучэбна-метадычнага збору са следчымі падраздзяленняў Следчага камітэта Брэсцкай вобласці. За дасягненне высокіх вынікаў у службовай дзейнасці ўзнагароджана Граматай упраўлення СК па Брэсцкай вобласці. У яе прафесійнай дзейнасці – расследаванне спраў пра крадзяжы, махлярствы, нявыплату аліментаў, нанясенне цялесных пашкоджанняў… Кожная патрабуе поўнай самааддачы. Наталля дзеліцца, што ўстанаўленне аб’ектыўнай ісціны для яе – працэс па-сапраўднаму цікавы. Узгадвае выпадак, калі падапечны адной з раённых устаноў збег адтуль і ўчыніў крадзеж з вясковага дома. Пры гэтым разбіў шкло і параніўся – кроў засталася на месцы здарэння. Зламысніка затрымалі дзякуючы, у тым ліку, граматным дзеянням следчага і сучасным тэхналогіям.
Сапраўдны прафесіянал папярэдняга следства павінен арыентавацца ў складаных жыццёвых сітуацыях, бачыць за сухімі радкамі пратакола чалавечыя лёсы і пры гэтым захоўваць аб’ектыўнасць, дакладна ведаць закон, адзначае Наталля. Маці дзвюх дачок, цудоўная жонка і гаспадыня, а яшчэ вопытны вадзіцель, Наталля дзеліцца: калі любіш справу, то час знаходзіцца на ўсё.

З максімальнай увагай і дакладнасцю
Інспектар па дакументацыйным забеспячэнні Ала Данільчык
ведае пра работу раённага аддзела СК калі не ўсё, то дакладна многае. Кваліфікаваны юрыст, у РАСК яна амаль з дня яго заснавання – з 2012 года. Да справы ставіцца з максімальнай увагай і дакладнасцю. Яе пасада – гэта не толькі праца з дакументамі. Па сутнасці, яна вядзе ўвесь дакументаабмен аддзела. Кожны дакумент, а іх тут нямала, павінен быць бездакорным і выкананым у вызначаны тэрмін. Ала Данільчык таксама дапамагае маладым супрацоўнікам асвоіць нюансы афармлення дакументаў. На першы погляд, правільна аформіць дакумент – справа няхітрая, але на практыцы патрабуе дасканалага ведання інструкцый, цярпення і ўважлівасці.
– Ала Аляксандраўна – на-дзейны і вопытны супрацоўнік. У яе ўсё ідзе па плане: дакументы зарэгістраваны, падпісаны і перададзены далей, запыты адпраўлены. Яна прафесійна трымае ўвесь гэты складаны механізм у руках, – адзначае начальнік РАСК Аляксандр Траяноўскі.
Кіраўнік райаддзела СК падкрэслівае, што калектыў райаддзела невялікі, але згуртаваны і працаздольны. Лічбы справаздач сведчаць пра высокі ўзровень адказнасці: з пачатку года следчымі аддзела завершана больш за 40 крымінальных спраў. Пры гэтым не дапушчана ніводнага факта незаконнага прыцягнення да адказнасці ці затрымання, а судом не выносілася апраўдальных прыгавораў.
– Быць следчым – значыць быць гарантам абароны правоў і свабод грамадзян, інтарэсаў грамадства і дзяржавы, змагацца з парушэннямі закону. І супрацоўнікі Ляхавіцкага РАСК адпавядаюць усім гэтым патрабаванням. Напярэдадні свята жадаю супрацоўнікам
і ветэранам Следчага камітэта поспехаў у прафесійнай дзейнасці на карысць беларускага народа і дзяржавы. Здароўя вам і дабрабыту, няхай у вашых сем’ях пануюць лад і згода, – адрасуе віншаванні з прафесійным святам Аляксандр Траяноўскі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

