Фактар нацыянальнага гонару. Вераснёўскі рэспубліканскі адзіны дзень інфармавання насельніцтва праходзіць пад тэмай «Дзень народнага адзінства як фактар нацыянальнага гонару»
Вераснёўскі рэспубліканскі адзіны дзень інфармавання насельніцтва праходзіць пад тэмай «Дзень народнага адзінства як фактар нацыянальнага гонару». Інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Мікалая Мароза сустрэлася з працоўным калектывам гімназіі.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч падкрэсліла, што Дзень народнага адзінства – свята, якое сімвалізуе непарушнасць межаў краіны і этнічную згуртаванасць беларускай нацыі. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднойчы падкрэсліваў, што менавіта адзінства беларусаў дазволіла нацыі выстаяць, пераадолець шмат цяжкасцей. «Мы адзіныя ў імкненні жыць на роднай зямлі сваім розумам і працай. Адзінства для нас – галоўная ўмова развіцця нацыі», – акцэнтаваў увагу Кіраўнік дзяржавы падчас аднаго з мерапрыемстваў да Дня народнага адзінства.
Гістарычныя перадумовы яднання беларускіх зямель
Ларыса Юшкевіч зрабіла экскурс у гісторыю і пачала яго з заключэння ў сакавіку 1921 года Рыжскага мірнага дагавора, згодна з якім палова тэрыторыі Беларусі, на якой 70 працэнтаў карэннага насельніцтва складалі беларусы, адышла да Польшчы. Беларускую нацыю раздзялілі супраць яе волі. Самае страшнае, што заходнія беларусы апынуліся на мяжы знікнення як нацыі. У 1936 годзе ў Сейме міністр адукацыі Польскай рэспублікі адзначыў: «Упэўню вас, што праз якіх-небудзь дзесяць гадоў вы са свечкай
не знойдзеце ў Заходняй Беларусі ніводнага беларуса». Стан беларусаў у Польшчы ў 1921–1939 гадах называюць этнацыдам беларускага народа. Этнацыд – палітыка, накіраваная на знішчэнне этнічных рысаў і поўную асіміляцыю, калі адзін народ «раствараецца» ў другім, губляе сваю мову, культуру, звычаі, калі адмаўляецца само права называцца народам. Раздзел быў і ў эканамічным плане. У Польшчу ўкладваліся значныя фінансы для развіцця, а з Заходняй Беларусі выцяг-валіся рэсурсы, і з цягам часу рэгіён ператварыўся ў адсталы аграрна-сыравінны. Ларыса Юшкевіч нагадала, што пад прыгнётам Польшчы беларуская культура і адукацыя былі пастаўлены ва ўмовы пастаяннай барацьбы за выжыванне. Сістэматычна ліквідаваліся беларускія газеты і часопісы, бібліятэкі і клубы, праследаваліся беларускія пісьменнікі і паэты, грамадскія дзеячы, школьныя настаўнікі.
На пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя ў Заходняй Беларусі дзейнічалі дзве беларускія настаўніцкія семінарыі, восем беларускіх гімназій і каля 400 пачатковых беларускіх школ, у 1938–1939 гадах ніводнай гэтай установы не засталося. Усіх, хто не жадаў мірыцца з такім становішчам, хто імкнуўся абараняць свае правы, рэпрэсіравалі. Напрыканцы 1923 года ў турмах Заходняй Беларусі налічвалася 1 300 палітычных зняволеных, а ў жніўні 1927 года – 3 000. Сумна вядомым сімвалам этнацыду беларускага народа стаў канцлагер «Бяроза-Картузская», створаны на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1934 годзе. Гэта адзін з першых канцэнтрацыйных лагераў у свеце, які стаў прататыпам фашысцкіх канцлагераў. Дакладчык акцэнтавала ўвагу на тым, што менавіта з вызваленчага паходу Чырвонай арміі 17 верасня 1939 года пачалося ўз’яднанне Заходняй Беларусі і БССР. У рэшце рэшт, беларускі народ стаў адзіным цэлым і атрымаў магчымасць жыць і развівацца ў складзе адной рэспублікі.
Вырашальны фактар устойлівага развіцця
Ва ўсе часы беларусы дэманстравалі адзінства. Сучасная Беларусь – адна з нямногіх краін свету, якая змагла зябяспечыць поўную харчовую бяспеку. Тэхніка і электроніка, зробленыя ў Беларусі, працуюць на ўсіх кантынентах свету. Дзякуючы Беларускай АЭС мы атрымалі шэраг канкурэнтных пераваг і змаглі істотна ўмацаваць энергетычную бяспеку і незалежнасць рэспублікі.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз падкрэсліў, што адзінства, патрыятызм – гэта не проста словы. Сённяшнія пакаленні беларусаў павінны цаніць тое, што зараз ёсць у нашай краіне – магчымасць стваральна жыць у міры. Звяртаючыся да педагогаў гімназіі, кіраўнік раёна падкрэсліў, што перад настаўнікамі стаіць важная задача – выхаванне сапраўдных патрыётаў.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак адзначыла, наколькі важна і сёння кансалідацыя грамадства для ўстойлівага развіцця краіны, жыццёвая канстанта – цаніць і берагчы тое, што маем.
Зацікаўленая размова на тэмы дзяржаўнай важнасці і раённага маштабу ішла ў КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», дзе працавала ІПГ пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Юрыя Чаранкевіча. Таксама адзіны дзень інфармавання прайшоў у СШ № 1 і № 2, занальным вузле электрасувязі і іншых арганізацыях.
Галіна КАНЬКО.

