Арандуем па правілах. Як правільна здаць ці арандаваць жыллё

Здача кватэр ці дамоў у наём для некаторых грамадзян з’яўляецца дадатковым ці нават асноўным спосабам атрымання даходу. Для забеспячэння празрыстасці на рынку такіх паслуг была прынята пастанова Савета Міністраў Беларусі. Згодна з дакументам устаноўлена норма для дагавора найму жылога памяшкання і асноўныя правілы яго заключэння і рэгістрацыі.

Прапаную разабрацца ў тэрмінах. Дагавор найму жылога памяшкання – гэта пагадненне, згодна з якім адзін бок (той, хто прапануе арэнду) бярэ на сябе абавязак прадаставіць за аплату іншаму боку (таму, хто здымае памяшканне) дом ці кватэру ва ўладанне для пражывання. Заключэнне пісьмовага пагаднення абараняе ўласніка ад праблем, звязаных з аплатай ці псаваннем памяшкання, а наймальніку гарантуе законнае карыстанне памяшканнем.
Удзельнікамі дагавора найму могуць быць толькі фізічныя асобы, калі ж удзел прымае юрыдычная асоба, то заключаецца дагавор арэнды жылога памяшкання.
Грамадзяне, якія здаюць у арэнду жылыя памяшканні, павінны заключыць у пісьмовай форме дагавор найму і зарэгістраваць яго. Неабходна таксама аплачваць падаходны падатак з фізічных асоб у фіксаваных сумах. Стаўкі ўстанаўліваюцца Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Увага! Дагавор найму жылога памяшкання прыватнага жыллёвага фонду, арэнды жылога памяшкання, пабудаванага ці рэканструяванага, а таксама набытага з прыцягненнем ільготнага крэдыту, прадастаўленага ў адпаведнасці з заканадаўствам, ці пабудаваных з выкарыстаннем субсідый на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам, выдадзеным банкам на будаўніцтва жылых памяшканняў, да поўнага пагашэння гэтага крэдыту належыць рэгістрацыі пры наяўнасці дазволу райвыканкама на прадастаўленне такога жылога памяшкання ці яго частак па дагаворы найму
ці арэнды.

Для рэгістрацыі дагавора арэнды ў распарадчы орган трэба звярнуцца з наступным пакетам дакументаў: заява, падпісаная ўласнікам жыллёвага памяшкання прыватнага жыллёвага фонду і ўдзельнікамі агульнай долевай уласнасці на дом ці кватэру; пашпарт ці іншы да-кумент, які сведчыць асобу ўласніка жыллёвага памяшкання і наймальніка жылога памяшкання прыватнага жыллёвага фонду; тры экзэмпляры дагавора найму (арэнды) ці дадатковае пагадненне да яго; тэхнічны пашпарт (калі ён аформлены
да 1 студзеня 2023 года).
Тэрмін ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры (праводзіцца бясплатна) – два дні з дня падачы заявы. Прыём азначаных дакументаў у Ляхавіцкім райвыканкаме ажыццяўляецца службай «Адно акно» па адрасе: г. Ляхавічы, пл. Леніна, 3, кабінет № 113, тэл. 6-09-59.
Юлія КУНЦЭВІЧ, галоўны спецыяліст сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама.