Пытанне, у якім няма дробязей. Напрыканцы мінулага тыдня на базе Ляхавіцкага раёна прайшоў абласны семінар-нарада

Арганізацыя работы па аднаўленні статка і захаванасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы ў сельгасарганізацыях Брэсцкай вобласці – тэма семінара-нарады, што адбыўся напрыканцы мінулага тыдня на базе Ляхавіцкага раёна.

Удзел у мерапрыемстве ўзялі кіраўніцтва камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, РСУП «Брэстплемпрадпрыемства»,  намеснікі начальнікаў райсельгасхарчаў, галоўныя ветэрынарныя ўрачы раёнаў, дырэктары райплемстанцый.


Адкрываючы семінар, першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі адзначыў, што па выніках мінулага года і першых месяцаў 2025 года жывёлагадоўля Брэстчыны паказвае добрыя вынікі. Усё гэта дзякуючы прафесіяналізму, накіраванасці работнікаў кожнага падраздзялення на канчатковы вынік. Разам з тым нельга спыняцца на дасягнутым. Атрыманыя вынікі павінны падштурхоўваць да пастаноўкі новых, яшчэ больш сур’ёзных задач. Дзмітрый Гарадзецкі адзначыў важнасць тэмы семінара, падкрэсліў, што ў ёй няма дробязей, звярнуў увагу ўдзельнікаў семінара на неабходнасць укаранення новых падыходаў у развіцці жывёлагадоўлі, адным з важнейшых напрамкаў якой з’яўляецца аднаўленне і захаванасць БРЖ. Ад гэтага паказчыка ў многім залежаць якасць і колькасць атрыманага малака. А без адладжанай дакладнай сістэмы ў рабоце не можа быць высокіх паказчыкаў, бо менавіта аднаўленне – ключавое патрабаванне, каб папоўніць статак высокапрадукцыйнай жывёлай.
Першы намеснік старшыні аблвыкан-кама адзначыў станоўчыя змяненні жывёлагадоўчай галіны ў гаспадарках Ляхавіччыны за апошнія некалькі гадоў і заклікаў не спыняцца на дасягнутым, тым больш, што рэзервы ёсць, і іх трэба выкарыстоўваць.
Старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз таксама падкрэсліў, што яшчэ нямала крытэрыяў, над якімі неабходна папрацаваць як у кожным сельгаспрадпрыемстве раёна, так і ў райсельгасхарчы і дапаможных арганізацыях – райплемстанцыі, райветстанцыі. Ён адзначыў, што важна дзяліцца вопытам работы, не замоўчваць праблемы, а разам імкнуцца іх вырашаць.
Практычная частка семінара-нарады адбылася на базе МТК «Новы» СВК «Ляхавіцкі». Старшыня «Ляхавіцкага» Іван Вітко пазнаёміў з вынікамі работы жывёлагадоўлі як у цэлым па гаспа-дарцы, так і канкрэтна па МТК «Новы». Непасрэдна на малочнатаварным комплексе пагалоўе малочнага статка павялічылася з 518 (у студзені – лютым 2024 года) да 592 (за 2 месяцы 2025 года). Надой на адну карову склаў 1 488 кілаграмаў малака – на 53 кілаграмы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Усё малако прадаецца гатункам экстра. Ад 100 кароў у мінулым годзе па СВК атрымана 96 цялят, а па МТК «Новы» – 98.

Потым удзельнікі семінара на кожнай з прапанаваных лакацый вялі канструктыўную размову па найбольш хвалюючых і праблемных пытаннях. Арганізацыя кармлення і ўтрымання кароў і цялушак, штучнага асемянення жывёлы, асобны рацыён кармлення дойнага статка і сухастойных кароў, якасць нарыхтоўкі кармоў, прафілактыка хвароб і лячэнне жывёлы – па гэтых і іншых тэмах ішоў прадметны дыялог.


Падкрэслівалася, што правільная арганізацыя работы па аднаўленні статка БРЖ дае магчымасць атрымліваць высокія надоі і прывагі. Асаблівая ўвага павінна звяртацца на паўнацэннае харчаванне і рацыя-нальнае ўтрыманне жывёлы, добра наладжаную заатэхнічную работу, пастаяннае выкананне правілаў штучнага асемянення і на кантроль за яго ходам, прыём і захаванасць нованароджаных цялят.
Вынікі семінара-нарады падведзены на пленарным пасяджэнні, дзе праана-лізавана работа жывёлагадоўлі Брэстчыны за два сёлетнія месяцы і пастаўлены мэты і задачы на 2025 год.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

ФАКТ

Па інфармацыі Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама, па тэмпах росту вытворчасці малочнай прадукцыі за першыя два месяцы 2025 года ў вобласці лідзіруе Ляхавіцкі раён (плюс 15,5 працэнта).
У сакавіку бягучага года сярод раёнаў Брэстчыны найбольш значны прырост паказаў таксама Ляхавіцкі раён (плюс 17,7 працэнта).