Вырасціць лес і не набіць сабе шышак. У 2025 годзе на Ляхавіччыне было закладзена больш за 160 гектараў новых лясоў

Задача не самая простая, клапатлівая, складаецца з шэрага этапаў. А з улікам таго, што сваёй вытворчай спеласці дрэва той жа хвоі звычайна дасягае праз восем дзясяткаў гадоў пасля ўкаранення, вельмі і вельмі працяглая. Адсюль і адзін з запаветаў работнікаў
лясной гаспадаркі: сячом не сваё, а плод працы былых пакаленняў работнікаў, садзім не сабе, а на будучыню.

Як ведаем, па паказчыку лясістасці тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў дзясятцы першых краін Еўропы. Лес, як, напрыклад, торф ці калійныя солі, з’яўляецца адным  з нашых галоўных багаццяў.

Ці не асноўнай задачай лесаводаў з’яўляецца клопат пра тое, каб лясоў у краіне не станавілася менш. Як мінімум, а лепш – больш.
– У 2025 годзе на Ляхавіччыне было закладзена больш за 160 гектараў новых лясоў. Свежыя пасадкі з’явіліся на месцах планавых суцэльных і іншага кшталту высечках, на ветравальных гектарах, некаторых іншых плошчах. Да таго ж за апошні час у склад земляў лясгаса было ўключана каля 230 гектараў былых няўдобіц, участкаў, якія «пайшлі»
дзікім кустоўем ці іншай драўніннай расліннасцю, і іх выкарыстанне, напрыклад, у сельскагаспадарчых мэтах з’яўляецца нерацыянальным. Паступова на іх месцах з’явяцца свежыя лясныя пасадкі, – расказвае галоўны ляснічы Ляхавіцкага лясгаса Ігар Бялько (на здымку).
Як і ўсе іх калегі, працаўнікі мясцовага лясгаса і лясніцтваў зараз заклапочаны нарыхтоўкай шышак пад мэты будучага насен-
нага матэрыялу.
– Працуем пераважна з хвояй, вырошчванню елкі еўрапейскай апошнім часам удзяляецца менш увагі. Дрэва развіваецца не дастаткова актыўна, усё больш схільна да ўсыхання. У тым ліку і ў сувязі з маючымі месца кліматычнымі зменамі, – працягвае разважаць галоўны ляснічы.
Нарматыўнымі тэрмінамі збору шышак з мэтай далейшай здабычы з іх насеннага матэрыялу лічацца лістапад – люты, калі шышкі паспелі, і дрэвы гатовы «развітацца» з імі. У той ці іншай ступені ў работу ўключаюцца калі не ўсе, то абсалютная большасць профільных спецыялістаў. Асаблівая значнасць і найбольшая колькасная нагрузка па нарыхтоўцы насеннай шышкі выпадае на Востраўскае і
Крывошынскае лясніцтвы.

– Ва ўгоддзях названых структур лясгаса знаходзяцца ўчасткі «плюсавых насаджэнняў». Гэта плошчы лесу, хваёвыя ў даным выпадку, дрэвы якіх не менш чым на 20 працэнтаў перавышаюць сярэднія патэнцыяльныя характарыстыкі данай лясной культуры. На племя – лепшае семя, – падсумоўвае Ігар Бялько.
Патрабаванні да «племянных» шышак цалкам зразумелы: яны павінны быць спелымі, пра што спецыяліст-зборшчык даведаецца зыходзячы з колеру.
І не павінны быць раскрытымі, што з’яўляецца яўнай прыкметай страты часткі насення.
Адметнасць у тым, што кожнае насеннае зярнятка ўтрымлівае міні-крылцы.
– У прыроды ўсё прадугледжана, мае сваю функцыю. Функцыя крылцаў – паляпшаць ветралятучасць насення і тым самым садзейнічаць пашырэнню арэала натуральнага распаўсюджання лясной культуры, – тлумачыць галоўны ляснічы.
Ляхавіцкі лясгас ужо нарыхтаваў больш за 400 кілаграмаў хваёвай шышкі, наступны шлях якой – Івацэвіцкі лясгас. Там абсталявана спецвытворчасць па далейшай рабоце з сабранымі шышка-пладамі. Спачатку іх сушаць-расчыняюць, здабываюць насенне, пазбаўляюць яго ад непатрэбных ужо крылцаў, змяшчаюць у холад з мэтай не дапусціць несвоечасовага прарастання. І зваротны шлях у лясгасы вобласці. Дзе падрыхтаваны матэрыял высяваюць у цяпліцы і гадуюць да сеянцаў, якія з надыходам спрыяльнага надвор’я высаджваюцца на падрыхтаваныя лясныя плошчы.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.