Агульнае рэагаванне на снежнае выпрабаванне. Снежны цыклон прынёс на Ляхавіччыну не толькі шмат непрыемнасцяў у выглядзе працяглага снегападу





Снежны цыклон прынёс не толькі шмат непрыемнасцяў у выглядзе працяглага снегападу, сумётаў, але і выпрабаваў беларусаў
на ўзаемападтрымку, узаемадапамогу і ўменне своечасова і якасна рэагаваць на надзвычайныя сітуацыі.
Падчас ліквідацыі наступстваў стыхіі пацверджана: талака – вялікая сіла.
З вечара 8 студзеня і Ляхавіччына апынулася ва ўладзе складаных умоў надвор’я. Пра непагадзь было вядома загадзя, таму прыняты меры па арганізацыі своечасовага і якаснага рэагавання на снежнае выпрабаванне. Сітуацыю з ліквідацыяй наступстваў снежнага цыклону адразу ўзяла пад кантроль раённая ўлада. 8 студзеня праведзена пазачарговае пасяджэнне раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Ляхавіцкім райвыканкаме. Распрацавана схема ўзаемадзеяння ўсіх службаў і арганізацый падчас праходжання цыклону і для ўхілення яго наступстваў. Кіраўнікі дарожнай, камунальнай службаў, раёна электрасетак, АДАІ РАУС, РАНС, райбальніцы трымаюць справаздачы аб сітуацыі ў падначаленых установах.
Не губляючы час, камунальныя і дарожныя службы перавялі тэхніку
на кругласутачны рэжым работы. На дарогах раёна і вуліцах горада і сельскіх населеных пунктаў раніцай у пятніцу працавала
24 адзінкі тэхнікі камунальнай і дарожнай службаў, акрамя таго, у расчыстцы ад снегу было задзейнічана 13 адзінак тэхнікі сельгасарганізацый. Не засталіся ўбаку ад барацьбы з наступствамі стыхіі і работнікі шэрага прадпрыемстваў і ўстаноў, моладзь, у тым ліку і актывісты БРСМ, школьнікі – узяліся за лапаты.
У расчыстцы тэрыторыі ад снегу любая дапамога важная. Таму неабыякавыя землякі чысцяць дарожкі і ўваходы ў пад’езды, у дварах шматкватэрнікаў, для таго, каб суседзям і прахожым было зручна і бяспечна. І такая дапамога ў барацьбе са снегападамі і іх наступствам дакладна лішняй не будзе. Бо толькі разам можна супрацьстаяць любой стыхіі.
– Камунгас набыў лапаты для таго, каб тыя, у каго няма свайго, у экстранным выпадку маглі скарыстацца снегаўборачным інвентаром для расчысткі снегу на аўтастаянках, у дварах шматкватэрнай забудовы. Для атрымання лапат можна звярнуцца ў дыспетчарскую службу КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» па нумары 6-56-98, дзе вам выдадуць інвентар, які пасля правядзення работ неабходна вярнуць. Звяртаюся да ўладальнікаў транспартных сродкаў: не пакідайце свае аўто ў месцах, дзе праходзіць снегаўборачная тэхніка, – адзначае дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі.
Цыклон «Улі» ўнёс свае карэктывы і ў рух грамадскага транспарту.
Інжынер-тэхнолаг аўтаатрада прыгарадных, міжгародніх і міжнародных пасажыраперавозак ААТ «Аўтапарк г. Баранавічы» Андрэй Масцілоўскі расказаў, што раніцай 9 студзеня па прычыне сумётаў ўзніклі пэўныя праблемы з даездам рэйсавых аўтобусаў у Тухавічы, Малое Гарадзішча і Начу. Што тычыцца гарадскога грамадскага транспарту, то ў мінулую пятніцу рэгістраваліся адставанні ў межах 10 мінут ад графіка.

Супрацоўнікі Ляхавіцкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях у гэтыя дні ў сувязі са снегападамі нясуць службу ў рэжыме павышанай гатоўнасці і задзейнічаны ў аказанні дапамогі насельніцтву. Ноч з 8 на 9 студзеня прайшла без надзвычайных здарэнняў. Сітуацыя пад кантролем, запэўніў начальнік РАНС Юрый Буйкевіч. Спецтэхніка РАНС выязджае на дапамогу пры неабходнасці буксіроўкі транспартных сродкаў. Па стане на раніцу 9 студзеня на рахунку выратавальнікаў больш за дзесяць выпадкаў, у якіх яны выцягнулі са снежнага палону легкавыя аўто, аўтобусы. Таксама супрацоўнікі РАНС дапамагаюць ачышчаць ад снегу тэрыторыю сацыяльна значных аб’ектаў.
Жыхары Ляхавіччыны могуць звярнуцца за дапамогай у любую з дзяжурных службаў або па тэлефонах МНС 101 ці 112.

З-за пагаршэння ўмоў надвор’я супрацоўнікі АДАІ Ляхавіцкага РАУС у адпаведнасці з уведзеным планам «Надвор’е» перайшлі на ўзмоцнены
варыянт нясення службы, які прадугледжвае забеспячэнне бяспекі дарожнага руху.
Ляхавіцкая міліцыя дапамагае вадзіцелям у буксіроўцы транспарту, маніторыць стан вулічна-дарожнай сеткі, расказаў начальнік АДАІ РАУС Яўгеній Вайшэвіч.
Супрацоўнікі АДАІ настойліва рэкамендуюць аўтаўладальнікам адмовіцца ад паездак на асабістым транспарце, асабліва на дальнія адлегласці, і скарыстацца грамадскім.
Пры перамяшчэнні на аўто важна трымаць дыстанцыю і захоўваць бакавы інтэрвал, рухацца з бяспечнай скорасцю і не рабіць перастраенняў, абгонаў і іншых манеўраў.
Пры складаных умовах надвор’я важна для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху быць максімальна ўважлівымі і асцярожнымі, выконваць ПДР, а ў цёмны час сутак абавязкова абазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі.
Калі ўсё ж трапілі ў «дробнае» ДТЗ, яго можна аформіць па еўрапратаколе без выкліку АДАІ. Пры неабходнасці
атрымання кансультацыі варта тэлефанаваць па кругласутачным нумары гарачай лініі 140.
Апынуліся ў цяжкай дарожнай сітуацыі – паведаміце пра гэта
па тэлефоне 102 ці ў чат-бот МУС «Мы заўсёды побач!».
Наша сіла – у адзінстве! Разам мы здольны зрабіць многае і ў пытанні супрацьстаяння стыхіі.
Пакуль камунальнікі і дарожнікі ўсе сілы накіравалі на расчыстку вуліц у горадзе і вёсках, дарог паміж населенымі пунктамі, мы самі можам зрабіць нашы двары, падыходы да пад’ездаў, паркоўкі больш чыстымі, камфортнымі і бяспечнымі. Талака – гэта вялікія магчымасці!
Азірніцеся навокал! Магчыма, камусьці сёння вельмі патрэбна ваша дапамога! Пажылыя сваякі і суседзі шаноўнага ўзросту, незнаёмыя адзінокія грамадзяне, сацыяльныя ўстановы і іншыя не ў стане самі справіцца з наступствамі стыхіі.
Не заставайцеся раўнадушнымі, не праходзьце міма!











