Шкло чакае другое жыццё. Дзе ў Ляхавічах можна здаць другасную сыравіну

Нарыхтоўка другаснай сыравіны – не толькі карысць для экалогіі, але і парадак у прыватных дварах і ў грамадскіх месцах. Апошнім часам землякі ўсё ахвотней развітваюцца са старой звычкай выкідваць усе адходы разам.

Майстар участка «Саначыстка» камунгаса Васілій  Жук

У свядомасць грамадзян упісваецца схема «шкло, папера, пластык – асобна». Такім чынам сартаванне бытавога смецця становіцца справай экалагічнай свядомасці. Дарэчы, па статыстыцы, сучасны чалавек «вырабляе» прыкладна паўтара кілаграма смецця ў суткі, за год атрымліваецца больш як паўтоны адходаў.

Як вядома, адсартаванае смецце можна проста выкінуць (пажадана ў спецыяльныя кантэйнеры), а можна і прадаць, напрык-
лад, у нарыхтоўчыя пункты. У Ляхавіцкім раёне гэтым бізнесам займаюцца райпо, камунгас, якія гатовыя плаціць насельніцтву за адходы палімераў, паперу, лом каляровых і чорнага металаў, шклабой.
– У Ляхавіцкім раёне, як і ўвогуле па ўсёй краіне, дзейнічаюць наступныя механізмы збору другасных матэрыяльных рэсурсаў. Гэта нарыхтоўка другаснай сыравіны праз сістэму прыёмных (нарыхтоўчых) пунктаў; паасобны збор адходаў ад насельніцтва з дапамогай спецыяльных кантэйнераў з іх далейшым сартаваннем.

У Ляхавічах прыёмныя пункты камунгаса, дзе можна здаць другасныя матэрыяльныя рэсурсы за наяўны разлік, працуюць па наступных адрасах: вуліца Южакова, 19, вуліца Южакова, 16, вуліца Чкалава, 5б. Заяўкі можна падаць па нумары 6-05-71. Таксама па гэтым нумары можна атрымаць адказы на пытанні, у прыватнасці, даведацца пра закупачныя цэны на другасную сыравіну. Райпо таксама актыўна займаецца закупкай ДМР у насельніцтва, прадпрыемстваў і арганізацый. Дзейнічаюць стацыянарныя прыёмныя пункты па вуліцы Савецкай, 67 і завулку Вакзальным, 3 у райцэнтры, перасоўны пункт. Акрамя таго, нарыхтоўкай ДМР займаюцца ўсе сельскія магазіны. Падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах
2-13-42, 2-17-97, 2-11-23, – расказвае галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Наталля Маслоўская.

Яшчэ ў савецкі час ды і пасля адным з самых «папулярных» бізнесаў у дачыненні ДМР быў так званы шкляны. Шклабой і сёння запатрабаваны, прычым не толькі на ўнутраным рынку.
– Шклатару прымаем па вазе. У асноўным гэта бутэлькі, слоікі. Здымаць этыкеткі ці сартаваць шкло неабавязкова – усё пойдзе на далейшую перапрацоўку. Правілы ў нас простыя: прынёс тару, узважылі, атрымалі тут жа наяўны разлік. Кілаграм шклабою ў нас каштуе 15 капеек. У сярэднім за дзень атрымліваем 150 кілаграмаў шкла. Быў выпадак, калі жыхар раёна прывёз на здачу 300 кілаграмаў шкла, у асноўным бутэлек. Што тычыцца арганізацый, то найбольш буйнымі здатчыкамі з’яўляюцца кансервавы завод і льнозавод, – адзначае тэхнік участка саначысткі КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Святлана Люкіш.
– Выкарыстанне шклабою ў вытворчасці шкляных вырабаў эканамічна больш выгадна, чым выкарыстанне першаснага матэрыялу. Гэта тлумачыцца ў тым ліку больш нізкім расходам электраэнергіі па прычыне таго, што тэмпература плаўлення шклабою значна меншая, чым першаснага матэрыялу. Акрамя
таго, выхад шкламасы са шклабою значна вышэйшы, бо адсутнічае угар, – удакладняе Наталля Маслоўская.
Цяпер крыху статыстыкі.

Згодна з дзяржзаказам на 2025 год Ляхавіцкаму раёну пастаўлена задача нарыхтаваць 200 тон адходаў шкла. Па факце
за 11 месяцаў мінулага года нарыхтавана 168 тон.

Камунгас з ускладзенымі абавязкамі справіўся і нават перавыканаў заданне. Што тычыцца непасрэдна прадпрыемстваў і арганізацый, то, па словах Наталлі Маслоўскай, станоўча найбольш вызначыўся аддзел па адукацыі райвыканкама.
– У папярэднія гады асноўным пастаўшчыком адходаў шкла ў нашым раёне быў кансервавы завод. Аднак у сувязі з тым, што прадпрыемства па многіх відах выпускаемай прадукцыі перай-
шло са шкляной тары на ўпакоўку ў тэтрапакі і іншыя віды, здача адходаў шкла зменшылася. Адзначу, што ўвесь шклабой і з пунктаў прыёму, і з кантэйнерных пляцовак адпраўляецца ў ААТ «Бел-
рэсурсы», дзе праходзіць сартаванне не толькі па складзе, але нават і па колеры. Затым ідзе на перапрацоўку на буйныя прадпрыемствы краіны, дзе атрымлівае другое жыццё, пераўтвараючыся ў новыя бутэлькі, флаконы, ампулы і іншую патрэбную шкляную прадук-
цыю. Акрамя таго, шклабой выкарыстоўваецца пры вырабе будаўнічых матэрыялаў, керамічнай пліткі, у вытворчасці фарбаў для дарожнай разметкі, – гаворыць Наталля Маслоўская.
– У сярэднім за суткі ўсімі прыёмнымі пунктамі і магазінамі райпо нарыхтоўваецца 110 кілаграмаў шкла. Найбольш запатра-
баваны ў насельніцтва прыёмны пункт па вуліцы Савецкай, 67. У асноўным здаюць бутэлькі і слоікі. Цана аднаго кілаграма шкла для насельніцтва – 10 капеек, для юрыдычных асоб – адна капейка за кілаграм. Прымаем і аконны шклабой. Галоўнае, не змешваць слоікі і бутэлькі са шклом вокнаў, бо іх нельга перапрацоўваць разам, утылізацыя шкла вокнаў патрабуе асаблівых умоў, – адзначае вядучы эканаміст райпо Ганна Гурская.
У аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама нагадалі, што ў кантэйнеры для шкла нельга выкідваць каляровае дэкаратыўнае шкло, люстэрка, шклопакеты, крышталь, аўтамабільнае шкло. Акрамя асноўных складнікаў (пяску, соды, вапны), такое шкло ўтрымлівае розныя дабаўкі і пакрыццё, з-за якіх яго немагчыма перапрацаваць разам са звычайнымі бутэлькамі ці слоікамі. Біты керамічны ці фарфоравы посуд трэба выкідваць у кантэйнеры для змешаных адходаў. Люмінесцэнтныя энергазберагальныя лямпы патрабуюць асобнай утылізацыі, бо ўтрымліваюць ртуць. У месцах, дзе яны прадаюцца, устанаўліваюцца спецыяльныя кантэйнеры.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.