Апошнія акорды сезона. У Ляхавіцкім раёне завершана ўборка цукровых буракоў. ІНФАГРАФІКА.

Вельмі хутка сельскагаспадарчыя палеткі апусцеюць канчаткова. Гаспадаркі раёна ўжо фактычна разабраліся з кукурузай, завяршылася ўборка цукровых буракоў. Гэтым часам цішыню і спакой палёў парушаюць хіба толькі аратыя – уздым зябліва працягваецца сваёй чаргой.

Гэты працоўны падрад з’яўляецца актуальным для асобнай катэгорыі ляхавіцкіх аграрыяў. У прыватнасці, фермерскай гаспадаркі «Вялікае Падлессе-агра», адкрытых акцыянерных таварыстваў «Шлях новы» і «Жарабковічы», СУП «Ліпнянка». Усе з названых тут сельгас-
вытворцаў вырошчваюць на сваіх гектарах у тым ліку і цукровыя буракі. У гэтым сезоне фермерскі клін складаў некалькі больш за сотню гектараў караняплода, акцыянерныя таварыствы вырасцілі і ўжо ўбралі свае буракі на плошчах 300 і 900 гектараў адпаведна. Частка салодкага караняплода ўраджаю-2022 стала ўжо тым, для чаго і вырошчвалася, – украм. Другая частка, сабраная ў магутныя штабелі, знаходзіцца ў палях – чакае адгрузкі і вывазкі па назначэнні. Дарога да спажыўца-перапрацоўшчыка не кароткая, мяркуе выкарыс-
танне аўтамабіляў-велікагрузаў, «баранавіцкую» перагрузку ў вагоны і далей па чыгунцы да самага «салодкага» горада вобласці – Жабінкі.
У мінулую сераду на адным з пасляўборачных палеткаў вытворчага ўчастка «Сваятычы» ААТ «Жарабковічы» мелі месца канцэнтрацыя аўтатрактарнай тэхнікі і дзелавая атмасфера вытворчай актыўнасці. Кожны з удзельнікаў працэсу дакладна ведае і выконвае свой манеўр-задачу. Спачатку аўтамабілі: іх, з доўгімі паўпрычэпамі, на полі сабралася даволі-такі не кароткая чарга ў чаканні заняць сваё месца пад спецыялізаваным агрэгатам-пагрузчыкам. У «Жарабковічах» гэту тэхнічна складаную машыну чамусьці называюць жывым імем – мыш. Увесь час нашага знаходжання на палетку «мыш» працавала, не дапускаючы аніякага перапынку ў рабоце. Машыны пад пагрузку станавіліся адна за адной, у рэжыме канвеера. Дзясятак хвілін работы пагрузчыка – і чарговыя
30 тон жарабковіцкага караняплода адпраўляецца ў Баранавічы на буракапрыёмны пункт у залік выканання дзяржаўнага плана паставак салодкай прадукцыі.
Машыністам-аператарам буракапагрузчыка ў той дзень быў Аляксандр Навумчык. На пытанне, ці заўсёды здараецца такі канвеер, адказвае:
– Як калі. Бывае, як сёння, машыны ідуць адна за адной, што не пакідаюць і хвіліны, каб выйсці.
А бывае, што сядзіш…
Для аўтамабіляў (а адвозкай прадукцыі на буракапрыёмны пункт займаюцца, як правіла, прыватнікі па дамове з ААТ «Жабінкаўскі
цукровы завод») загрузіцца прадукцыяй палёў – толькі частка справы. Ва ўмовах нядаўніх дажджоў і жарабковіцкіх глебаў яшчэ трэба з гэтых палёў выбрацца, не загразнуць у іх. Справіцца з задачай аўтаадвозчыкам дапамагаюць трактары. У наш дзень для цяглавага суправаджэння па полі гружаных трыма дзясяткамі тон прадукцыі аўтамабіляў гаспадарка адкамандзіравала аж два «кіраўцы». Працавалі яны па чарзе: пакуль умоўны першы выцягвае з поля адну машыну, другі бярэ на трос машыну, якая толькі што заняла месца пад пагрузку.
– А здараецца, даводзіцца працаваць, што называецца, на
пару – калі аўтамабілю дапамагаюць выехаць з поля два, а то і больш трактароў-памочнікаў, – падзяліўся адзін з трактарыстаў «кіраўца» ААТ «Жарабковічы» Сяргей Юруць.
– Поле, на якім знаходзімся, з’яўляецца самым высокім на ўчастку. Тут раслі самыя познія ў нас па тэрмінах паспявання буракі. Работа на вывазцы даволі клапатлівая, аднак усе спраўляюцца: і машыніст пагрузчыка, і трактарысты «кіраўцаў», і занятая ў тым ліку і выпіскай таварна-транспартных дакументаў аграном Наталля Валюжэніч. Яе «офіс на колах», як бачыце, знаходзіцца на самым ускрайку, пры выездзе на дарогу. Абсталяваны аўтаномным ацяпленнем у выглядзе жалезнай печкі, ёсць дровы. А на колах – гэта для мабільнасці. Яшчэ нейкую часіну назад адгрузку-вывазку ажыццяўлялі ў суседніх Трабавічах, зараз – на полі каля вёскі Валасачы, – расказаў начальнік вытворчага ўчастка «Сваятычы» Іван Пірштук (на здымку).

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.