А ў падарунак – апавяшчальнік. Супрацьпажарныя акцыі правялі РАНС, ТЦСАН і раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа

Калі ісці ў госці, то з сабой абавязкова трэба ўзяць які-небудзь падарунак. Удвая лепш, калі гэты падарунак будзе яшчэ і карысным.

З 12 па 31 мая ў Ляхавіцкім раёне праходзіла акцыя «Беражыце дом ад пажару». Валанцёры раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа сумесна з супрацоўнікамі РАНС і ТЦСАН за гэты перыяд наведалі 15 сем’яў, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі, шматдзетных сем’яў і бясплатна ўсталявалі ў іх дамах аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

– Неасцярожнае абыходжанне з агнём – самая распаўсюджаная прычына ўзнікнення пажараў. Акрамя таго, у лідарах вогненных здарэнняў парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога абсталявання, электрапрыбораў, а таксама дзіцячае свавольства з агнём.

Статыстыка сведчыць, што больш за палову надзвычайных сітуацый узнікае па віне людзей, якія не ведалі ці безадказна ставіліся да выканання правілаў пажарнай бяспекі. Акцыя «Беражыце дом ад пажару» яшчэ раз нагадала ляхавічанам, да якіх непапраўных наступстваў можа прывесці нядбайнасць, – гаворыць старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык.

У рамках акцыі «Не пакідайце дзяцей адных» інспектар РАНС Таццяна Калгушкіна пагутарыла з самымі маленькімі жыхарамі раёна. Яна яшчэ раз нагадала нумары тэлефонаў, па якіх трэба тэлефанаваць, калі здарылася бяда. У гульнявой форме паказала хлопчыкам і дзяўчынкам, як сябе паводзіць, калі здарылася надзвычайная сітуацыя, а таксама падарыла дзецям тэматычныя памяткі і размалёўкі.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.