Разам за бяспеку. Сям’я ляхавічан заваявала 1 месца на рэспубліканскім конкурсе

Сям’я ляхавічан Дзмітрыя і Вольгі Багушэвічаў стала пераможцай абласнога конкурсу «Сем’Я бяспекі», які ў рамках акцыі «Не пакідайце дзяцей адных!» праводзіла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Нашы землякі прызнаны лепшымі ў намінацыі «проза».

– Дзеці хутчэй запамінаюць тое, што для іх цікава. Правілы паводзін, прадстаўленыя ім у гульнёвай форме, становяцца, звычайна, кіраўніцтвам да дзеяння, – адзначае галава сям’і Дзмітрый.
Пра гэту сям’ю, якая нядаўна вызначылася ў конкурсе, што праводзіў ТЦСАН, «ЛВ» пісаў ужо.
Вольга і Дзмітрый гадуюць двух сыноў – Сашу і Даніка. Пастаянна вучаць іх правілам бяспечных паводзін. Пра тое, што бяспека – жыццёва важная акалічнасць, бацькі пастаянна даказваюць дзецям і асабістым прыкладам. Калі даведаліся пра конкурс, вырашылі паўдзельнічаць. У распрацоўцы сцэнарыя і яго ўвасабленні вельмі дапамаглі сябры – Кацярына і Аляксей Тарлюкі. Атрымалася займальнае і павучальнае відэа пра тое, як сваё жыллё зрабіць бяспечным і засцерагчы дзяцей ад небяспекі. Сашу і Даніку вельмі спадабалася здымацца ў міні-кіно.
Трэцяе месца ў намінацыі «паэзія» заваявалі сем’і Артура і Таццяны Грышчэняў, Аляксандра і Дар’і Мурочак з аграгарадка Навасёлкі. Да гэтага іх відэаролік «Вучаць правілам мяне мае бацькі заўсёды!» быў прызнаны пераможным у раённым конкурсе. Сем’і разам сачынілі ў вершаванай форме правілы бяспекі жыццядзейнасці і знялі тэматычнае відэа, дзе галоўныя дзеючыя героі – дзеці. У сям’і Грышчэняў растуць Сафія, Ганна і Захар, у сям’і Мурочак – Улада і Кірыл.
Як расказала інспектар РАНС Таццяна Калгушкіна, відэаролік сям’і Багушэвічаў заваяваў першае месца на рэспубліканскім узроўні. 1 чэрвеня, у Дзень абароны дзяцей, нашы землякі пабывалі ў сталіцы на цырымоніі ўзнагароджання.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва сям’і Багушэвічаў.