Як «Здароўе», СМІ?Адбылася галіновая спартакіяда работнікаў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь

Нічога падобнага не было ўжо амаль паўтара дзясятка гадоў. Хіба толькі ў такім жа – фізкультурна-спартыўным – ключы старты мясцовага значэння: на ўзроўні абласцей, асобных структур, падраздзяленняў. А тут адразу «вышэйшая ліга» – Рэспубліканская спартакіяда «Здароўе» работнікаў арганізацый Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. І дзе! Базай спаборніцтваў стаў Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі». На працягу 5 – 6 чэрвеня яго цудоўная прыгажосць, знакамітая хвойная свежасць, як і лёгкаатлетычны стадыён, футбольная паляна, шэраг закрытых спартпляцовак, знаходзіліся ў поўным распараджэнні майстроў пяра і мікрафона, друкароў і гандляроў друкаванай прадукцыяй.

Пад сцяг спартакіяды, у адкрыцці якой прыняў удзел міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў, сабралася 18 каманд агульным складам больш за 350 чалавек. У тым ліку былі прадстаўлены зборныя кожнай з абласцей краіны, вядучыя тэлевізійныя каналы, саюздрук і шэраг іншых.

Праграму спартакіяды напаўнялі спаборніцтвы па лёгкаатлетычным кросе, настольным тэнісе, валейболе, дартсе, а таксама міні-футболе, гіравым спорце і перацягванні каната. Названая апошняй спартыўная забава праводзілася ўжо ў другі дзень спартакіяды. Было нямала як камандных, так і з боку груп падтрымкі эмоцый, многа барацьбы. У адным са спрэчных выпадкаў суддзі пагадзіліся нават прызначыць перагульванне.

Дарэчы, пра рэферы і іх работу. Яшчэ на самым старце спартакіяды было аб’яўлена: «судзіць вас будуць вельмі кваліфікаваныя спецыялісты, у тым ліку рэферы вышэйшай нацыянальнай катэгорыі». І, павінен сказаць, майстэрства іх арбітражу было заметна на кожным кроку і дзеянні, у любым жэсце. Усё максімальна аб’ектыўна і карэктна.

Што да нашай – Брэсцкай вобласці – каманды, то неабходна прызнаць, што была яна адной з самых малаколькасных, сціплай у адносінах да спартыўнай падрыхтоўкі. Такі ж і фінальны вынік –
у кампаніі каманд другога спартакіяднага дзясятка.

А перамогу святкавалі тэлевізіёншчыкі з «Космас ТВ» – гучна, радасна, пад шчырыя апладысменты калег-сапернікаў.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.