Культурныя карані. Сяброўства паміж братэрскімі народамі ўмацоўваецца і ў сферы культуры і адукацыі

Сяброўства паміж братэрскімі народамі ўмацоўваецца і паглыбляецца, у тым ліку ў сферы культуры і адукацыі.

«Берагіня»
«Вечарніца»
«ВІНС-акорд»

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі 19 гадоў арганізоўваюць Алімпіяду Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць». Творчы іспыт аб’ядноўвае школьнікаў дзвюх краін і выяўляе сярод
іх лепшых знаўцаў рускай мовы і літаратуры.
Ляхавіччына традыцыйна праводзіць раённы адборачны этап творчага іспыту. Летась з 11 работ журы вылучыла тры лепшыя – навучэнкі 11 класа СШ № 2 Арыны Харке (настаўнік Вераніка Кумейша), дзесяцікласніцы Конькаўскай СШ Надзеі Варанчак (Валянціна Жыткевіч) і гімназісткі Анастасіі Яраш (настаўнік Святлана Прастакевіч). Пераможнай прызнана работа Анастасіі Яраш. Па выніках абласнога тура наша зямлячка ўвайшла ў склад абласной дэлегацыі і прыняла ўдзел у заключным этапе алімпіяды, які адбыўся ў кастрычніку 2022 года ў Пяцігорску Стаўрапольскага краю (Расійская Федырацыя). 120 рабят з 20 рэгіёнаў Беларусі і Расіі пісалі сачыненне і комплексную работу па рускай мове і літаратуры, выконвалі заданні творчых конкурсаў.
Сёння Анастасія з настальгіяй узгадвае тую паездку, дзе школьнікі заклалі Алею Сяброўства «Расія. Беларусь», былі ўдзельнікамі круглых сталоў і творчых сустрэч, вялікай экскурсійнай праграмы.
Сярод сумесных беларуска-расійскіх конкурсаў і Міжнародны маладзёжны конкурс сачыненняў эпісталярнага жанру, які праводзіцца пад эгідай Сусветнага паштовага саюза. Па выніках раённага этапу работу навучэнца СШ № 1 Дзяніса Маслоўскага (настаўніца Людміла Курловіч) журы ацэніць у абласным туры.
Беларуска-расійскі патрыятычны праект «Цягнік Памяці» – яркі прыклад таго, што братэрскія народы шануюць і паважаюць агульныя для іх каштоўнасці. Навучэнка СШ № 1 Вікторыя Навіцкая летась удастоілася гонару стаць удзельніцай праекта,
разам з равеснікамі наведала памятныя месцы, звязаныя з гераічнай гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны.
Дзесяцікласнікам дзвюх краін выпаў шанц датыкнуцца да сумеснай гісторыі і адчуць маштаб ваенных падзей, каб зразумець вытокі адзінства народаў і каштоўнасць міру. Сёлета па маршруце маладзёжнай акцыі адправіцца яшчэ адна ляхавічанка – дзесяцікласніца СШ № 1 Таццяна Кучук.
У Ляхавіцкім аграрным каледжы зараз атрымліваюць сельскагаспадарчыя спецыяльнасці і тры грамадзяніна Расійскай Федэрацыі.
Шмат агульных праектаў у Беларусі і Расіі і ў культурнай галіне. Самадзейныя творчыя калектывы Ляхавіччыны сярод заўсёдных удзельнікаў разнастайных конкурсаў, у тым ліку дыстанцыйных. Народная арт-група «ВІНС-акорд» (ГДК г. Ляхавічы) і народная эксперыментальная вакальная група «Берагіня», народны клуб аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца» (Навасёлкаўскі СДК) і іншыя ў  міжнародных расійскіх фестывалях і конкурсах традыцыйна становяцца пераможцамі і лаўрэатамі.
Ляхавіцкая купалаўка сёлета адзначыць пяцігоддзе культурнага супрацоўніцтва з бібліятэкай расійскага горада Кургана – паміж чытачамі і супрацоўнікамі бібліятэк праходзіць штогадовы традыцыйны тэлемост на разнастайныя тэмы. Не выключэннем будзе і 2023 год.
І гэта толькі невялікая частка з нашай агульнай культурна-адукацыйнай спадчыны.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.